Юбілейная імпрэза Анатоля Клышкі

23 красавіка 2015 года а 11.00 гадзіне ў актавай зале СШ № 4 адбудзецца мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Усё пачынаецца з буквара”, прысвечанае 80-годдзю Анатоля Клышкі.

80 гадоў таму, у 1935 годзе, у вёсцы Данэйкі Баранавіцкага раёна нарадзіўся Анатоль Канстанцінавіч Клышка – яркая неардынарная творчая асоба, чалавек шматграннага таленту, пісьменнік, літаратурны крытык, перакладчык і педагог. Вось ужо больш за 50 гадоў ён плённа працуе на ніве нацыянальнага адраджэння, верна служыць беларускай культуры, роднаму слову.

У першую чаргу з імем Анатоля Клышкі звязана выданне беларускага Буквара, які ўбачыў свет ў 1969 годзе, шмат разоў перавыдаваўся і стаў настольнай кнігай, маленькай энцыклапедыяй Беларусі для мільёнаў беларускіх дзяцей. “Буквар” атрымаў высокую ацэнку ў нашай краіне і за мяжой: на ВДНГ у Маскве быў узнагароджаны срэбраным медалём, а на Міжнародным кірмашы ў Лейпцыгу – залатым.

Жыццёвы і творчы шлях Анатоля Клышкі непарыўна звязаны з народнай адукацыяй і нацыянальнай культурай беларускага народа. Пісьменнік даследуе развіццё беларускай паэзіі (творчасць М. Багдановіча, В. Таўлая, П. Панчанкі і інш.), праблемы вершаскладання, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе. Акрамя таго Анатоль Клышка склаў для дзяцей беларускія чытанкі “Верасок” (1-е выд., 1978 г.; некалькі перавыданняў) і “Чабарок” (1-е выд., 1989 г.; неаднаразова перавыдавалася). Выдаў кнігі: “У лясах Белавежы” (1975 г.), “Самая лепшая хатка” (1976 г.), “Вярэнька загадак” (1982 г.). Кніга “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга” (1983 г.) – гэта уклад аўтара ў скарбніцу скарыніяны. У 1990 г. выйшла кніга пісьменніка “Святло праз стагоддзі” (нарысы пра Скарыну) на англійскай, нямецкай і французскай мовах.

Шматгранны талент Анатоля Канстанцінавіча праявіўся ў галіне мастацкага перакладу. Ён перакладае з польскай і нямецкай, рускай і ўкраінскай, літоўскай і грузінскай, старажытнагрэчаскай і лацінскай моў. Сярод перакладаў А. Клышкі : “Новы запавет” (1980 г.), адзін з першых раманаў пра каханне ў еўрапейскай літаратуры – “Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою” (1991 г.) Лонга. Для маленькага чытача пераклаў на беларускую мову вясёлыя і смешныя гісторыі пра жыхароў саксонскага горада Шыльды, якія здаўна расказваліся ў Нямеччыне і склалі цэлую кнігу – “Шыльдбюргеры” (1983 г.).

 

Месца правядзення: СШ № 4 (г. Мінск, вул. Чырвонаармейская, 11).

Кантактны тэлефон: (017) 334-56-21