Юбілейная вечарына Міхася Скоблы

Міхась Скобла

“МОВА ЎДЫХНУТАЯ Ў НАС, ЯК ДУША”

Пад такой назвай у Музеі Максіма Багдановіча ў Траецкім прадмесці 25 лістапада (вул. Багдановіча, 7а) пройдзе творчая вечарына паэта, эсэіста і перакладчыка Міхася Скоблы. Падчас вечарыны будуць прэзентаваныя яго новыя кнігі “Камізэлька для месяца” (вершы і пераклады) і “Саркафагі страху” (эсэ).

У прэзентацыі возьмуць удзел: Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін, Хрысціна Лялько, Яраш Малішэўскі, Таццяна Матафонава, Юры Несцярэнка, Аксана Спрынчан, Вальжына Цярэшчанка.

На вечарыну абяцалі завітаць і ўзяць яе пад сваю апеку Ларыса Геніюш, Зоська Верас і Мікалай Улашчык — галоўныя героі кнігі эсэ.

“Міхась Скобла ў сваім паэтычным мысленні неадрыўны ад таго, што насамрэч адбываецца з чалавекам на крыжовых дарогах лёсу, з якіх не сысці і па-за лёсам. Толькі з гэтакім мысленнем, у якім не разарваныя зямля і неба, жыццё і смерць, карані і вецце, можна напісаць: “За пазухаю ў дуба, у дупле / Хаваюцца маланкі, як вужакі”. Усё жывое, і ўсё — адно ў адным.

У новай кнізе паэта, як ва ўпарадкаванай беларускай хаце, гаспадар якой ведае, што і калі ў жыцці можа спатрэбіцца, ёсць усё, што трэба. І ўсё на сваім, асобным месцы. Як на сваім, асобным месцы ў сучаснай беларускай паэзіі і сам аўтар кнігі”.

Уладзімір Някляеў. З прадмовы да кнігі “Камізэлька для месяца”

Пачатак імпрэзы а 18:00. Уваход вольны

Паводле прэс-рэлізу