“(З)начныя даследаванні” Норы Гомрынгер

Прэзентацыя кнігі паэзіі Норы Гомрынгер “(З)начныя даследаванні”

У праграме:
- Размова перакладчыц праекта Ірыны Герасімовіч (Iryna Herasimovich) і Вольгі Гапеевай (Volha Hapeyeva)
мадэратарка – мастачка праекта Антаніна Слабодчыкава (Антонина Слободчикова)
- Прывітальнае слова Норы Гомрынгер (Nora-Eugenie Gomringer)
- Прэзентацыя музычнага праекта Улада Бубена (Vladislav Buben) на вершы Норы Гомрынгер 
- Прэзентацыя музычнага праекта Дзмітрыя ‘Aortha’ Ладзеса (Dzmitry Ladzes) на вершы Норы Гомрынгер
- Сюрпрызы ад аўтаркі і перакладчыц

Кніга паэзіі нямецка-швейцарскай паэткі Норы Гомрынгер выходзіць у Беларусі ўпершыню. Пераклад вершаў гэтай прадстаўніцы новага пакалення нямецкамоўнай паэзіі быў ажыццёўлены Ірынай Герасімовіч і Вольгай Гапеевай. 
Выхад кнігі стаў магчымы, дзякуючы праграме Гётэ-Інстытута па падтрымцы выдання перакладной літаратуры на беларускую мову. Праца над зборнікам вялася больш за два гады. Асобнай увагі заслугоўвае мастацкае афармленне кнігі (дызайнерам кнігі выступіла вядомая беларуская мастачкай Антаніна Слабодчыкава), якое надало вершам Норы Гомрынгер новае гучанне і завяршыла агульную канцэпцыю кнігі.
Прэзентацыя зборніка паэзіі Норы Гомрынгер паклікана запоўніць лакуну, якая паспела ўтварыцца ў сучаснай перакладной літаратуры Беларусі па прычыне недастатковай прадстаўленасці замежных аўтараў сучаснага пакалення, а таксама распачаць дыялог культур, беручы за аснову паэтычнае слова.

АЎТАРКА
Нора Гомрынгер (Nora Gomringer) нарадзілася ў 1980 г. у г. Нойкірхен (зямля Саар, Германія), мае нямецкае і швейцарскае грамадзянствы. Піша паэзію, эсэ, а таксама тэксты для радыё. Адна з актыўных удзельніц паэтычных слэмаў. З 2000 г. яна выдала сем зборнікаў паэзіі і два зборнікі эсэ. Шмат часу правяла ў пісьменніцкіх рэзідэнцыях па ўсім свеце. Нора Гомрынгер — лаўрэатка шматлікіх літаратурных прэмій (Jacob-Grimm-Preis Deutsche Sprache, 2011; Joachim-Ringelnatz-Preis, 2012; Ingeborg-Bachmann-Preis, 2015), сябра ПЭН-клуба. З 2010 г. — дырэктарка Міжнароднай арт-рэзідэнцыі “Künstlerhaus Villa Concordia” (Бамберг, Германія). Бацькі Норы Гомрынгер — Нортруд Гомрынгер, германістка (доктарка філасофіі) і Ойген Гомрынгер — паэт, заснавальнік напрамку канкрэтнай паэзіі. 
Сайт: http://nora-gomringer.de/ 

30 жніўня (аўторак) 2016 г.
Пачатак: 19.00
Уваход вольны
Месца правядзення: Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”, вул. Кастрычніцкая 37А.