Іда Ліндэ: сустрэча і аўтограф-сесія



16 лютага ў кнігарні “Логвінаў” у межах VIII Міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова пройдзе сустрэча з пісьменніцай Ідай Ліндэ (Швецыя). Гутарка пра літаратуру і аўтограф-сесія адбудзецца з удзелам перакладчыцы Наталлі Паваляевай.

Лакацыя: кнігарня "Логвінаў" (праспект Незалежнасці, 37а). Пачатак а 15:00.


Выданні, якія будуць прэзентаваныя на сустрэчы:

Ліндэ, І. 29 недасланых лiстоў : вершы / Iда Лiндэ ; пер. са швед. Н. С. Паваляевай. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2018. — 32 с.

У шведскiм алфавiце 29 лiтар. Словы складаюцца з лiтар, а лiсты – са словаў. Калi 29 лiтар дастаткова, каб утварыць бясконцае мноства слоў, 29 лiстоў дастаткова, каб перадаць усю эмацыянальную палiтру кахання, страты і гульняў памяцi. У зборнiку вершаў шведскай паэткi i пiсьменнiцы Iды Лiндэ няпэўна ўсё: i «я», i «ты» (цi гэта адное i тое ж «ты» ва ўсiх «лiстах»? цi не размаўляе аўтар часам з уласным «я»?), i тыя падзеi, пра якiя вядзецца размова (цi гэта ўсё рэальныя падзеi?). Падаецца, што гэтая татальная няпэўнасць i ёсць галоўным правiлам гульнi, да якой запрашаецца чытач. Менавiта ён павiнен скласцi пазл, упiсаць свае радкi памiж радкамi аўтара – i праз тое атрымаць сваю ўласную гiсторыю.


Ліндэ, І. Нябесны футбол / Iда Лiндэ ; пер. са швед. Н. С. Паваляевай. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2018. — 36 с.

Бацькi шведскай паэткi i пiсьменнiцы Iды Лiндэ – у мiнулым футбольныя трэнеры. І сама Iда з дзяцiнства займалася футболам, пакуль сур’ёзная траўма не прымусіла адмовіцца ад гульні. Пачынаючы з дэбютнага зборнiка вершаў «Споведзь дзяўчыны-машыны» (2006), футбол «прапiсаўся» ў яе творчасцi. «Нябесны футбол» – кніга аднаго верша. Фiласофска-лiрычныя радкі напiсаны ў падманлiва «дзiцячай» форме. Гэта разважанне пра складаныя сувязi памiж рознымi жыццёвымi досведамi – памiж дарослымi, якiя ўжо маюць уласныя «крылы», i дзецьмi, для якiх усё толькi пачынаецца.


Ліндэ, І. Паехаць на поўнач, каб памерцi : [раман] / Іда Ліндэ ; пер. са швед. Н. Паваляевай. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2019. — 186 с.

Падзеi рамана вядомай шведскай пісьменніцы Iды Лiндэ «Паехаць на поўнач, каб памерцi» разгортваюцца ў паўночнай Швецыi. Ён пачынаецца як крымiнальная драма з варыяцыяй класiчнага сюжэта пра Бонi i Клайда – i працягваецца як фiласофскае разважанне пра ролю выпадку ў нашым жыццi; пра тое, што трагедыя можа зламаць чалавека, а можа надаць яму сiлы пачаць «новую эру» у сваiм жыццi. У рамане закранаюцца вельмi сур’ёзныя праблемы сацыяльнага, палiтычнага i фiласофскага кшталту, аднак гэта перш за ўсё мастацкi твор, i галоўны сродак яго ўздзеяння на чытача — мова.

Уваход вольны!


ПАДЗЕЯ Ў FACEBOOK