IV Міжнародны open-air форум "Міжмор'е літаратур"


Рады запрасіць вас на IV Міжнародны форум Міжмор’е літаратур, ідэя якога паўстала практычна адначасова з ідэяй стварэння арт-вёскі на беларуска-літоўскім памежжы — месцы, што ў будучым мы бачылі як прастору для свабоднай думкі і творчасці. Шмат чаго дагэтуль застаецца ў планах, але ідэя, якую шмат хто на той момант успрыняў як утапічную для беларускага кантэксту і рэалій, крок за крокам становіцца тым, што ёсць. 

За гады форумаў падчас дыскусій і размоваў мы шмат гаварылі пра сучаснасць — беларускую, нашых суседзяў, накіроўвалі свае позіркі ў глабальную перспектыву. Без мінулага немагчыма разумець сучаснасць, і таму мы так шмат у нашых дэбатах азіраліся назад. Тэма памежжа не магла не быць цэнтральнай для нас — у першую чаргу таму, што само месца, з якога паўставалі размовы, хацела, каб мы гаварылі пра яго. Але канцэпцыя памежжа нашмат шырэйшая за геаграфію, і таму часта яна станавілася нагодай выйсці за тэрытарыяльную перспектыву для таго, каб зноў і зноў задавацца новымі пытаннямі. Шмат «памежных» тэм, безумоўна, засталося нявычарпаным, але сёлета мы вырашылі выйсці за межы тут і цяпер, пераадолець прыцяжэнне мінулага і паглядзець наперад, тым больш самі абставіны сучаснага свету дыктуюць такую неабходнасць.      

Паўстагоддзя таму Герберт Маркузэ напісаў пра тое, што грамадства жыве ў гістарычным моманце. «Мы здольныя ператварыць свет у пекла, і мы ўжо на шляху да гэтага. Мы таксама здольныя ператварыць яго і ў супрацьлегласць пекла», — заключаў філосаф. Тым не менш ён меркаваў, што чалавецтва, як ніколі раней, жыве ў момант «канца ўтопіі» — калі ёсць усе перадумовы для таго, каб немагчымае стала магчымым.

Адказаць дакладна, у што чалавецтва ператварыла свет — у пекла ці рай, — складана, а магчыма, у такім адназначным адказе і няма неабходнасці. Дыскусіі вакол стварэння альтэрнатыўных мадэляў грамадства працягваюць. Разам з літаратарамі і літаратаркамі, перакладчыцамі і перакладчыкамі, гуманітарыямі мы б хацелі паразважаць: якім чынам сёння можна абмяркоўваць будучыню? Якую ролю ў гэтым абмеркаванні грае сучасная літаратура і пераклад? Ці засталося там месца ўтопіі? І калі так, то якой яна ўзнікае ва ўяўленні аўтараў і аўтарак?

Таня Арцімовіч, Артур Клінаў


Візіі будучыні на краі зямлі 

«Краем зямлі» называе Артур Клінаў заснаваную ім арт-вёску Каптаруны. Знаходжанне на краі, калі штодзённасць не засцілае позірку, — трапны стан, каб паразважаць пра будучыню. Будучыня ўвесь час асцылюе і ўнікае любой адназначнасці: пра тое, што надыдзе, немагчыма не мысліць, але потым любы разумовы канструкт непазбежна сутыкаецца з рэчаіснасцю, змяняючыся часам да непазнавальнасці. Будучыню немагчыма не прадчуваць, але любое прадчуванне, бадай, выразней сведчыць пра сучаснасць і мінулае, чым уласна пра будучае.

Менавіта перад абліччам нявызначанай будучыні (і адзінага вызначанага яе складніка — смерці) чалавек як найвыразней адчувае ўласную экзістэнцыю і таму нагружае будучыню пачуццём адказнасці, страхамі, спадзевамі. Асабліва цяжкай ноша будучыні робіцца ў сітуацыях крызісу, калі былыя супольныя наратывы страцілі пераканаўчасць, а новыя яшчэ не сфармуляваліся. Хісткасць невыносная, і вось нехта кідаецца абараняць старое, нехта на самоце губляецца ў фантазіях, а хтосьці выпраўляецца на край зямлі, каб падзяліцца візіямі будучыні з паплечнікамі па існаванні, а ў працэсе яшчэ і больш даведацца адно пра аднаго, якімі мы ёсць «тут і цяпер». 

Ірына Герасімовіч



Госці форуму: Мэхдзі Марадпур (Берлін), Ёнр Ліндског (Германія/Швецыя), Ёнас Люшэр (Швейцарыя/Германія), Марта Сакалоўска, Маліна Пшэслюга, Пшэмыслаў Пілярскі, Міхал Шыманяк (Польшча), Антанас Ёнінас (Літва), Аляксандр Іваноў (Расія), Ігар Бабкоў, Валянцін Акудовіч, Ірына Дубянецкая, Уладзімір Мацкевіч, Ігар Логвінаў, Таццяна Шчытцова, Марыя Мартысевіч, Сяргей Календа, Андрэй Хадановіч, Марына Шода, Андрэй Аляксандраў, Дар’я Амяльковіч, Павал Свярдлоў, Антаніна Слабодчыкава, Таццяна Дзівакова (Беларусь).

Куратарская група: Таня Арцімовіч, Ірына Герасімовіч, Артур Клінаў.

Каманда форуму: Таццяна Дзівакова, Марыя Пушкіна, Ліда Наліўка, Вольга Бубіч, Вікторыя Харытонава, Паліна Хадорык.

Арганізатары форуму: аграсядзіба «Арт-вёска Каптаруны», Літаратурны дом «Логвінаў».

Пры падтрымцы ТАЛЕДА — праграмы Фонду Роберта Боша і Нямецкага перакладчыцкага фонду, Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве, Швейцарскага савета па культуры Пра Гельвецыя, Пасольства Швейцарскай Канфедэрацыі ў Беларусi, Амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

ПРАГРАМА

Дыскусія
Значэнне ўтопіі пасля «канца гісторыі»
Мадэрацыя: Таццяна Шчытцова
Удзельнічаюць: Артур Клінаў, Ёнас Люшэр, Ірына Дубянецкая

Дыскусія будзе прысвечана пытанню адносінаў да будучыні ў сацыяльным уяўным сучасных еўрапейскіх грамадстваў. Імклівыя змены ў сацыяльна-палітычным парадку еўрапейскіх краін (Брэксіт, прыход да ўлады «правых», рэвалюцыі і новыя геапалітычныя пагрозы ў постсавецкіх краінах), а таксама праблемы глабальнага характару (сацыяльна-эканамічная няроўнасць, экалагічны крызіс) — уся гэтая высокая турбулентнасць сучаснага свету прыўносіць у чалавечае жыццё і культуру атмасферу трывожнай нявызначанасці і фармуе запыт на артыкуляцыю нашых надзей (а роўна і страхаў) у вобразах будучыні. Якую ролю грае ў гэтым кантэксце ўтопія — як форма мыслення, як сацыяльна-філасофскае паняцце і як літаратурны жанр? Якія тыпы ўтопіі прысутнічаюць у сучасным культурным полі і як яны звязаныя з канкрэтнымі «жыццёвымі светамі» адпаведных таварыстваў? Пры якіх умовах утопія з’яўляецца сацыяльна плённай і экзістэнцыяльна запатрабаванай ментальнай формай?

Круглы стол Беларускага калегіума
Беларуская літаратура і гетэратопіі будучыні
Мадэрацыя: Ігар Бабкоў
Удзельнічаюць: Валянцін Акудовіч, Ірына Дубянецкая, Уладзімір Мацкевіч

Беларуская літаратура — важная частка нацыянальнага праекта, якая ў пэўныя гістарычныя перыяды замяшчае сабой нацыянальнае, выступае лабараторыяй ідэнтычнасці. Карыстаючыся з таго, што нават у несвабодныя часы творчыя практыкі разглядаюцца як поле аўтаноміі творчага генія, а значыць свабоды, яна гадуе — у часы няпоўнага, залежнага развіцця — зоны сацыяльнага ўяўлення, работы з каштоўнасцямі, тэрыторыі думкі.
Якія важныя месцы і істотныя тэмы для беларускай літаратуры паўстаюць у перспектыве будучыні? Ці можа яна стаць інструментам прагнозу і мадэлявання? І як яна сама — у гэтых магчымых будучынях — бачыць сябе, сваю ролю і місію?

TOLEDO on tour
Размова
Стасункі паміж аўтарамі і перакладчыкамі 
Мадэрацыя: Ірына Герасімовіч
Удзельнічаюць: Мэхдзі Марадпур, Ёнас Люшэр, Ёрг Ліндског

Кожны перакладны тэкст мае як найменей двух стваральнікаў: аўтара і перакладчыка. Паступова разуменне гэтага ўкараняецца ў свядомасці чытача, які ў выбары кнігі ўсё часцей арыентуецца не толькі на імя аўтара, але і на імя перакладчыка. Але акалічнасці стасункаў аўтара і перакладчыка па-ранейшаму застаюцца ў ценю. Наколькі і чым гэтыя двое звязаныя міжсобку? Наколькі асоба аўтара мае значэнне для перакладчыка і наадварот? Ці існуюць пэўныя мадэлі ўзаемадзеяння? 

А што калі перакладчык і аўтар не сімпатызуюць адно аднаму? А калі аўтар навязвае свае рэкамендацыі?  І наогул, ці трэба дадаваць да тэксту нешта яшчэ, у тым ліку і аўтара?Спадзяемся, што размова не толькі зробіць больш бачным працэс стварэння перакладной кнігі, але і дазволіць уважліва паглядзець на такія рэчы, базавыя для чалавечага ўзаемадзеяння, як давер, дыялог, адкрытасць Іншаму, магчымасць і імкненне зразумець і патлумачыць Іншага, бо менавіта ў працэсе перакладу яны праяўляюцца асабліва выразна.

Пры падтрымцы ТАЛЕДА ‒ праграмы Фонду Роберта Боша і Нямецкага перакладчыцкага фонду / Gefördert durch TOLEDO- ein Programm der Robert Bosch Stiftung und des Deutschen Übersetzerfonds

Размова
Утопія ці антыўтопія? Вымярэнне будучыні ў сучаснай польскай драматургіі
Мадэрацыя: Андрэй Хадановіч, Марына Шода
Удзельнічаюць: Марта Сакалоўска, Маліна Пшэслюга, Пшэмыслаў Пілярскі, Міхал Шыманяк

Для беларускай публікі польскія тэатр і драматургія добра вядомыя перспектывай на пераасэнсаванне і дэканструкцыю гістарычных канструктаў, якія з’яўляюцца важным падмуркам для разумення сучаснасці. Але якія сцэнары будучыні могуць паўстаць, калі адштурхоўвацца ад рэальнасці, што паўстае ў гэтых п’есах? Ці можа п’еса станавіцца ўяўнай прасторай, дзе магчыма правяраць варыянты будучыні, і ці звяртаюцца аўтары і аўтаркі з Польшчы да такой магчымасці?
У дыскусіі бяруць удзел польскія драматургі, чые тэксты ў беларускім перакладзе рыхтуюцца да выдання ў выдавецтве «Логвінаў» у межах праекта Polish Plays in Belarus Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве.

Месца літаратуры для будучыні медыя
Размова
Мадэрацыя: Дар’я Амяльковіч
Удзельнічаюць: Сяргей Календа, Павал Свярдлоў, Андрэй Аляксандраў

Падчас размовы з журналістамі і рэдактарамі беларускіх медыя мы абмяркуем роль літаратуры (і культуры) для будучага медыя. Ці будзе месца і неабходнасць у літаратуры? Альбо лягчэй уявіць масс медыя без культурных прастор увогуле?

Нацыянальныя літаратуры: pro et contra
Размова
Мадэрацыя: Таня Арцімовіч
Удзельнічаюць: Аляксандр Іваноў, Антанас Ёнінас, Марыя Мартысевіч

Доўгі час панятак нацыянальнай літаратуры заставаўся адным з ключавых для інтэрпрэтацыі ідэнтычнасці і фармавання культурных кодаў. З аднаго боку, глабалізм кінуў выклік межам нацыянальнага, калі індывід усё часцей стаў разумець сябе па-за пэўнай геаграфіяй. З іншага боку, менавіта апора на нацыянальнае свядомае паспрыяла ўзмацненню правых палітычных сіл у краінах Заходней і Цэнтральна-Усходняй Еўропы, а таксама ЗША і Расіі. Што сабой уяўляе сучаснае разуменне нацыянальнай літаратуры — у Літве, Беларусі, Расіі? Якім чынам гэты феномен трансфармуецца (альбо не) у кантэксце сучаснага свету? Як гэтыя літаратуры ўпісваюцца ў глабальны гарызонт? І ці можам мы памысліць літаратуру па-за межамі нацыянальнага?

TOLEDO on tour
Размова
Перакладчык у эпоху штучнага інтэлекту
Мадэрацыя: Ірына Герасімовіч
Удзельнічаюць: Мэхдзі Марадпур, Ёнас Люшэр, Ёрн Ліндског

Тэхналогіі ўсё глыбей пранікаюць у сферу перакладу: DeepL выдае даволі прыстойныя тэксты на некаторых мовах і нават Google Translate усё радзей выклікае смех. Можа падацца, што неўзабаве прафесія пісьмовага перакладчыка зробіцца лішняй. 

Ці можна ўявіць сабе, што ў будучыні штучны інтэлект будзе выконваць большасць задач у працэсе перакладу? Ці распаўсюджваецца гэта на літаратурны пераклад? Калі так, то як зменіцца роля перакладчыка? Можа быць, перакладчык будзе ўдзельнічаць у стварэнні праграм для перакладу? А мо ўзмоцніцца роля асобы перакладчыка і ён будзе ўспрымацца ў большай ступені творцам, чым рамеснікам? Мо невыпадкова менавіта цяпер, калі пераклад аўтаматызуецца, літаратурны перакладчык робіцца ўсё больш бачным як асоба, якая робіць выбар на карысць пэўнага аўтара і тэксту, свядома адыгрываючы ролю пасярэдніка паміж аўтарам і чытачом, паміж мовамі і культурамі.

Пры падтрымцы ТАЛЕДА ‒ праграмы Фонду Роберта Боша і Нямецкага перакладчыцкага фонду / Gefördert durch TOLEDO — ein Programm der Robert Bosch Stiftung und des Deutschen Übersetzerfonds.

Будучыня літаратуры. Дыялогі выдаўцоў
Мадэрацыя: Таня Арцімовіч
Удзельнічаюць: Ігар Логвінаў (выдавецтва «Логвінаў»), Аляксандр Іваноў (выдавецтва Ad Marginem Press).

Падчас размовы з двума вядучымі выдаўцамі мастацкай і гуманітарнай літаратуры мы пагаворым пра гісторыю, сучаснасць і будучыню кнігі ў сітуацыі прагнозу хуткага яе канца.

У праграме таксама чытанні, прэзентацыя працы мастачкі Антаніны Слабодчыкавай, музычныя выступы і інш.

Будзем радыя бачыць вас сярод гледачоў! Уваход вольны. Даезд самастойны, побач будзе разбіты намётавы лагер. За асобную аплату можна будзе замовіць гарачае харчаванне. Папэрэдняя рэгістрацыя (у першую чаргу, для вашага камфорту) па спасылцы: https://forms.gle/JVNP9ZeTHiiZ6P9T6.

Увага! Для замежных грамадзян патрэбная адмысловая рэгістрацыя.