Ларп «Гісторыі з жыцця Максіма»

9 снежня Беларусь адзначае Дзень народзінаў самага маладога класіка беларускай літаратуры – Максіма Багдановіча. Ён шмат працаваў на ніве традыцыйнага вершаскладання, але быў адкрыты да эксперыментаў. Сёлета Літаратурны музей Максіма Багдановіча прапануе адзначыць Дзень народзінаў славутага паэта ў незвычайным фармаце.

8 снежня, нядзеля

18:00 – Ларп «Гісторыі з жыцця Максіма»

Ларп – ролевая гульня жывога дзеяння, падчас якой удзельнікі паглыбляюцца ў розныя сітуацыі і прымаюць на сябе новыя ролі. «Ларп-фабрыка Мінск» адмыслова да Дня народзінаў паэта падрыхтавала ларп «Гісторыі з жыцця Максіма», удзельнікі якога змогуць адчуць сябе родзічам, сябрам, каханай Максіма Багдановіча і нават самім Паэтам. Колькасць удзельнікаў абмежаваная.
Рэгістрацыя па спасылцы: https://tinyurl.com/tqjnjek

9 снежня, панядзелак

18:00 – адкрыццё выставы «КП-2019» і куратарская экскурсія

Выстава атрымала сваю назву дзякуючы галоўнаму дакументу музея – кнізе паступленняў (скарочана «КП»). Усе музейныя прадметы запісваюцца ў гэтую кнігу. Выстава «КП-2019» – унікальная магчымасць упершыню пабачыць экспанаты, якія з'явіліся ў музеі за апошні год. Сярод іх кніга Паўла Шэйна з этнаграфічнымі запісамі Адама Багдановіча (1893 г.) і ўзоры вышыўкі ад стрыечных сясцёр Максіма Багдановіча.

19:00 – музычная праграма Пятра Клюева на вершы беларускіх паэтаў

Пётр Клюеў – музыка, кампазітар, удзельнік гурта ЛСП – заспявае песні на вершы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна і сучасных беларускіх паэтаў.

20:00 – ускладанне кветак да помніка Максіму Багдановічу
(ля Опернага тэатра)