“Працэс” Алега Сянцова (паказ фільма Аскольда Курава)

Беларускі ПЭН-цэнтр пры падтрымцы Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь запрашае на прагляд фільма “Працэс”, які адбудзецца 15 лістапада а 19:00 у Галерэі “Ў” (вулiца Кастрычніцкая 19, Мiнск).
  
Паказ фільма адбудзецца ў межах Дня пісьменніка ў няволі, заснаванага Міжнародным ПЭНам 37 год таму. 
Фільм “Працэс” рэжысёра Аскольда Курава прысвечаны справе ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, якому прымусова надалі расійскае грамадзянства і ў жніўні 2015 году прысудзілі ў Расіі да 20 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў арганізацыі тэрарыстычнай супольнасці і тэрактах у анэксаваным Крыме: нібыта ён і яго саўдзельнікі рыхтавалі падрыў помніка Леніну ў Сімферопалі і падпалілі офісы «Рускай абшчыны Крыму» і партыі «Адзіная Расея». Сянцоў сцвярджаў, што ў турме яго катавалі. Па словах рэжысёра, гэта фільм “пра бязлітасную дзяржаўную машыну, пра гераізм і баязлівасць”.
  
Падчас прагляду фільма можна будзе падпісаць паштоўку Алегу, якая пазней будзе дасланая рэжысёру. Яна Ганчарова (ініцыятыва “Росузник”) распавядзе пра асаблівасці лістоў палітзняволеным - што і як варта і чаго не варта пісаць, каб пасланні траплялі да адрасатаў і сапраўды падтрымлівалі іх.

Уваход -- па запрашэннях. Калі вы хацелі б патрапіць на паказ, калі ласка, дашліце заяўку на info@pen-centre.by