Прэзентацыя зборніка кароткай прозы "12"

26 студзеня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзентацыя зборніка кароткай прозы “12”! У электронным зборніку прадстаўлены дэбютныя тэксты дванаццаці ўдзельнікаў Майстэрні крэатыўнага пісьма Віктара Марціновіча і Ксеніі Шталенковай.

Падчас імпрэзы Віктар Марціновіч і Ксенія Шталенкова падзеляцца, як ладзілася Майстэрня, а аўтары прачытаюць свае тэксты і распавядуць пра сябе.

Пра зборнік і Майстэрню:
1–12 ліпеня 2019 года ў межах ІІІ Летняй школы ЕГУ прайшла Майстэрня крэатыўнага пісьма пад кіраўніцтвам Віктара Марціновіча і Ксеніі Шталенковай. За гэты час аўтары выкарыстоўвалі разнастайныя тэхнікі пісьма, удзельнічалі ў пленэрах і абмяркоўвалі ўласныя тэксты ў момант іх нараджэння ў асяроддзі аднадумцаў. Вынікам гэтай працы стаўся зборнік “12”, у якім апублікаваныя найлепшыя тэксты, створаныя падчас школы.

Сярод аўтараў зборніка: Максім Ярмоленка, Ганна Гаўрылькова, Ганна Савіцкая, Ігар Караткоў, Ілайджа Лямперт, Кацярына Максімава, Ліяна Каханоўская, Любоў Мыцкіх, Марыя Сцёпкіна, Наталля Жукоўская, Яніна Равяка, Кацярына Ярковіч. Су-аўтарам зборніка сталася і яго дызайнерка Вераніка Калдаева. Зборнік распачынае прадмова Віктара Марціновіча.

Зборнік кароткай прозы “12” даступны па спасылцы: https://ru.ehu.lt/publications/12-sbornik-korotkoy-prozyi/

Пачатак а 16-й.

Уваход вольны.

Адрас: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (Мінск, вул. М. Багдановіча, 7А).