Ракуцёўскае лета — 2019

Роўна 25 год мінула з таго шчаслівага моманту, калі літаратурна-мемарыяльны музей Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына” прыняў першых наведвальнікаў. Менавіта ім, першым, пашчасціла акунуцца ў атмасферу старасвецкага фальварка, на свае вочы ўбачыць “Дом гаспадара”, што ласкава прымаў беларускага паэта з далёкага Яраслаўля, наведаць экспазіцыю ў адноўленым “Дамку арандатара”, зазірнуць у гумно і наталіць смагу з крыніцы “жывой вады”, пра якую некалі напісаў Паэт…

Прайшло шмат гадоў: у музеі “Фальварак Ракуцёўшчына” адкрылася экспазіцыя ў “Доме гаспадара”. Яе экспанаты знаёмяць нас з жыццём былога гаспадара Вацлава Лычкоўскага і яго гасцей, распавядаюць пра Эмілію Шабуню і яе маленькую дачку Яніну, якія былі побач з Максімам два летнія месяцы і пакінулі ўспаміны пра маладога паэта. Час ідзе хутка, і вось ужо першыя наведвальнікі музейнага комплексу таксама сталі сведкамі гісторыі.

Запрашаем усіх ахвотных далучыцца да нашага свята, і, хто ведае, магчыма, пазней менавіта ваша гісторыя наведвання фэсту стане легендарнай. На свяце можна будзе не толькі пазнаёміцца з музеем, але і акунуцца ў сапраўдную творчую атмасферу.  Вас чакаюць цікавыя сустрэчы з нашчадкамі Максіма Багдановіча і Эміліі Луцкевіч, з сучаснымі паэтамі, музыкамі, мастакамі, творчыя заданні і квэсты, займальныя лекцыі, гульні для дзяцей і дарослых і шмат іншых цікавостак.

Праграма 
свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета–2019”:
11:00 − прывітальная імпрэза каля памятных камянёў і ўскладанне кветак;
11:30 − знаёмства з музеем “Фальварак Ракуцёўшчына”, агляд экспазіцыі;
12:00 − літаратурна-музычная імпрэза “У родным краі”;
12:00 – 16:00 – інтэрактывы і забавы для наведвальнікаў:
- майстар-клас па напісанні лімерыкаў і інтэлект-“трэніроўка” ад ПЭН-цэнтра;
- гульні “Падарожжа з Вільні ў Мінск”, “Літаратурны кракадзіл”, “Музейная шуфлядка”;
- квэст па экспазіцыі;
- майстар-клас па выцінанцы.

Праезд электрычкай Мінск–Маладзечна, Маладзечна–Мінск (станцыя Уша) ці маршрутным таксі Мінск–Краснае, Мінск–Маладзечна (вёска Краснае).

У самых актыўных і хуткіх гасцей музея ёсць магчымасць патрапіць на свята ў складзе арганізаванай групы. У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Мінск, вул. Багдановіча 7а, тэлефон: 334-42-69) па папярэдняй дамове можна набыць квіткі (кошт 10-15 руб.). 

Даведкі па тэлефонах.: (017) 334 07 61, (017) 334 42 69