Старт продажаў беларускага Гары Потэра

Беларускі пераклад кнігі “Гары Потэр і філасофскі камень” Дж. К. Роўлінг выходзіць 14 снежня ў выдавецтве “Янушкевіч”. Продаж сусветнага бестселера стартуе ў мінскай кнігарні “Светач” (г. Мінск, пр-т Пераможцаў 11). Для вас будзе працаваць фотазона, будць праводзіцца віктарыны і конкурсы. У 12.00 адбудзецца сустрэча з перакладчыцай Аленай Пятровіч, дзе вы зможаце задаць ёй любыя пытанні наконт нюансаў і цяжкасцей перакладу культавай кнігі.

УВАГА! Для першых 5-ці пакупнікоў - зніжка 50 %, для наступных 5-ці - зніжка 25 %. Прыходзьце пунктуальна ў 11.00 у кнігарню "Светач". 14 снежня кніга будзе прадавацца толькі тут, пры тым па найлепшай цане - 25 рублёў за экзэмпляр.

“Гары Потэр і філасофскі камень” – першы раман з культавай серыі Дж.К. Роўлінг, якая налічвае сем кніг. У ім расказваецца пра дзесяцігадовага хлопчыка з чароўнымі здольнасцямі. І з гэтага пачынаюцца неймаверныя прыгоды Гары і яго сяброў. Па-англійску першую кнігу пра Гары Потэра выдалі ў 1997 годзе.

Дж. К. Роўлінг – аўтар раманаў пра Гары Потэра, якія пабілі мноства рэкордаў і атрымалі вялікую колькасць узнагарод. Любімая прыхільнікамі ва ўсім свеце серыя кніг была прададзена агульнай колькасцю больш за 500 мільёнаў асобнікаў, перакладзеная на больш як 80 моў, па ёй знята восем фільмаў-блокбастараў.