Святочная імпрэза, прысвечаная 60-годдзю выбітанага беларускага паэта Анатоля Сыса

Сёлета 26 кастрычніка Анатолю Сысу споўнілася б 60 гадоў. Але вось ужо амаль 15 гадоў, як Анатоль сышоў у іншы свет. Ягоная ж паэзія сталася зарукай таго, што памятаць яго беларусы будуць заўжды.

2 лістапада ў Гарошкаве збяруцца прыхільнікі паэзіі Анатоля Сыса, ягоныя сябры з Рэчыцы, Гомеля, Мінску ды іншых гарадоў і вёсак. У імпрэзе возьмуць удзел Эдуард Акулін - паэт і бард, блізкі сябар Анатоля, Алесь Бяляцкі – праваабаронца і пісьменнік, Сяржук Сыс – паэт, журналіст, зямляк Анатоля з суседняй вёскі Заспа, Вальжына Цярэшчанка – спявачка, бард з Гомеля, Андрусь Мельнікаў – таксама гомельскі бард, Анатоль Бароўскі – кіраўнік Гомельскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, Вадзім Болбас – паэт-перакладчык са Светлагорска ды іншыя.

Пачатак сустрэчы – а 12-й гадзіне з ускладання кветак на магіле паэта на могілках вёскі Гарошкаў. Працяг – на падворку роднай хаты Анатоля Сыса.

Арганізатары запрашаюць далучыцца ўсіх ахвочых, каму дарагая беларушчына, хто цікавіцца нашай нацыянальнай паэзіяй і культурай.

На фота: Анатоль Сыс, аўтар: Яўген Пясецкі