Творчы вечар Уладзіміра Мароза

Мінская абласная бібліятэка імя А.С.Пушкіна

«ТРЫ СШЫТКІ»

Творчы вечар Уладзіміра Мароза

20 снежня а 17-й гадзіне ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна адбудзецца творчая вечарына «Тры сшыткі» – прэзентацыя «Выбранага» Уладзіміра Мароза ў трох тамах. 

Уладзімір Мароз як творчая асоба чалавек шматгранны – паэт, празаік, эсэіст, сцэнарыст, кінарэжысёр. Нарадзіўся ў горадзе Косава Івацэвіцкага раёна ў сям’і настаўнікаў. Па першай адукацыі архітэктар (БПІ, 1975), пасля скончыў літаратурны інстытут імя А.М.Горкага ў Маскве (1983). Працаваў на «Інтэграле», у інстытуце «Мінскпраект», Дзяржкіно БССР, на кінастудыі «Беларусьфільм», у часопісе «Бярозка». З 2005 года – вядучы рэдактар студыі «Летапіс» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Больш трыццаці пяці гадоў яго творчае жыццё звязана з беларускім дакументальным кіно. Па сцэнарыях У.Мароза знята звыш 80-ці дакуметальных стужак, звернутых да гісторыі і культуры Беларусі. Яшчэ шэсць фільмаў ён зняў як кінарэжысёр. Шэраг карцін адзначаны прызамі міжнародных кінафестываляў. Лаурэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2015), узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2013), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2009), медалём Беларускага саюза кінематаграфістаў “За выключныя заслугі ў беларускім кінематографе” (2009), нагрудным знакам Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” “За заслугі” (2014).

Важкі даробак Уладзіміра Мароза і на літаратурнай ніве – 25 кніг паэзіі, прозы, эсэ. Паэтычныя зборнікі «Пяшчотны дотык», «Голас», «Рэй», «Хутаранская зорка», «Дабрадаць», «Шляхцянка-восень», «Графічная кніга паэта», кнігі прозы і эсэ «Беларускі храм», «Мінск старадаўні і малады» «За брамай забытых мелодый», «Мінск.Верхні горад», «Магілёў» і іншыя. У 2018 годзе выйшла «Выбранае» у трох тамах – т.1 «Другога не дадзена» (паэзія), т.2 «Тры сшыткі» (проза), т.3 «Беларускі мур» (эсэ).

У творчай вечарыне прымуць удзел мастакі Марына Мароз (афармленне кніг, выстава), Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч (механёры культуры, пэрформанс), пісьменнік і выдавец Зміцер Вішнёў, пісьменнікі Міхась Тычына, Барыс Пятровіч, Андрэй Федарэнка, Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімірр Ягоўдзік, мастак і паэт Рыгор Сітніца, бібліятэчны і выдавецкі работнік Людміла Несцяровіч. Будзе прадстаўлены відэаролік аб кінематаграфічнай творчасці сцэнарыста і кінарэжысёра Уладзіміра Мароза. 

Паводле прэс-рэліза