Сцяцко Павел Уладзіміравіч

Сцяцко Павел Уладзіміравіч

Сцяцко Павел Уладзіміравіч

Сцяцко Павел Уладзіміравіч

Мовазнавец, прафесар філалогіі. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2017 года.

Нарадзіўся П.У. Сцяцко 5 сакавіка 1930 г. у вёсцы Грабава Зэльвенскага раёна. З пяці гадоў пайшоў у школу. У хлопчыка выявіліся здольнасці да навучання. Першы і другі класы ён скончыў за адзін год, з трэцяга перайшоў адразу ў пяты, а потым у сёмы клас.

Пасля сканчэння сямігодкі паступіў у Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча. Скончыў яго на выдатна і без экзаменаў быў залічаны ў Гродзенскі педагагічны інстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Праз два месяцы, пераканаўшыся, што зрабіў памылку ў выбары спецыяльнасці, перавёўся на літаратурны факультэт. Праз некалькі гадоў выпускніка з дыпломам выдатніка пакідаюць працаваць выкладчыкам на кафедры беларускай і рускай моў. Затым была аспірантура, напісанне кандыдацкай дысертацыі “Прадметна-бытавая лексіка Зэльвенскіх гаворак” за паўтара гады і паспяховая яе абарона ў 1962 годзе.

Працаваў на пасадзе дацэнта, прафесара, загадчыка кафедры ў Мінскім педагагічным інстытуце, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Доктарскую дысертацыю “Субстантыўная дэрывацыя ў беларускай народна-дыялектнай мове” абараніў у 1979 годзе. У 1990 годзе П.У.Сцяцко запрошаны на працу ў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Тут ён актыўна уключаецца ў навукова-педагагічную дзейнасць. Стварае кафедру беларускай культуры, а затым, з адкрыццём факультэта беларускай філалогіі і культуры, – кафедру мовазнаўства (беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства), якую ўзначальваў да 2007 года.

За сваё працоўнае жыццё П.У. Сцяцко падрыхтаваў тысячы спецыялістаў-філолагаў, настаўнікаў беларускай і рускай моў і літаратур, выкладчыкаў вышэйшай школы.

Вялікія дасягненні П.У. Сцяцко ў сферы навукі. Кола навуковых інтарэсаў даследчыка шырокае, разнастайнае. Гэта словаўтварэнне беларускай дыялектнай і літаратурнай мовы, словаўтваральныя сувязі славянскіх моў, лексікалогія, дыялекталогія, этымалогія, лінгвістычная тэрміналогія, фаналогія, граматыка сучаснай беларускай мовы, мова мастацкіх твораў, культура маўлення, методыка выкладання беларускай мовы.

На рахунку вучонага больш за 450 апублікаваных прац. З іх манагарафіі “Народная лексіка” (1970), “Народная лексіка і словаўтварэнне” (1972), “Беларускае народнае словаўтварэнне” (1977), “Дыялектны слоўнік: З гаворак Зэльвеншчыны” (1970; другоое выданне – “Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны” – 2004), навукова-папулярная кніга “Культура мовы” (2002), выбраныя працы “Мовазнаўчы досвед” (2005), дапаможнікі для студэнтаў “Пачатковы курс мовазнаўства” (1993), “Праблемы нормы, культуры мовы” (1998), “Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы” (1999), “Уводзіны ў мовазнаўства” (2001).

Шэраг кніг напісана творчымі калектывамі з удзелам ці пад кіраўніцтвам П.У.Сцяцко. Пра актуальнасць і запатрабаванасць гэтых прац сведчыць тое, што асобныя з іх перавыдаваліся па некалькі разоў. Сярод найбольш важных калектыўных прац, суаўтарам якіх з’яўляецца П.У.Сцяцко, варта назваць такія: “Беларуская граматыка” (1985), “Русско-белорусский словарь лингвистических терминов” (1988), “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” (1990), “Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны” (1999), “Руска-беларускі фізічны слоўнік” (1999), “Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы” (1969, 1980, 1987, ?), “Зборнік дыктантаў” (1973, 1978), “Беларуская мова” (1970, 1982, 1992, 1998, 2001, 2004), “Сучасная беларуская літаратурная мова” (1975, 1976, 1980, 1993).

Многа сіл П.У. Сцяцко аддае арганізацыі навуковай справы. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ён стаў распрацоўшчыкам і кіраўніком такіх навуковых тэмаў, як “Культура Гродзеншчыны”, “Праблемы ўдасканалення структуры лексічных адзінак беларускай літаратурнай мовы”, “Лексіка і словаўтварэнне гаворак Гродзеншчыны”, “Праблемы беларускай тэрміналогіі” і інш. П.У.Сцяцко – заснавальнік і навуковы рэдактар навукова-краязнаўчага альманаха “Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры”, вакол якога згуртаваліся творчыя гуманітарыі універсітэта. На працягу шэрагу гадоў П.У.Сцяцко ўваходзіў у склад рэдкалегій перыядычных выданняў “Русскій язык”, “Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта”, “Роднае слова”, “Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта”, у склад Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісііі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

З асаблівай адказнасцю П.У. Сцяцко ставіцца да падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў. Пад яго кіраўніцтвам напісана і абаронена 15 кандыдацкіх дысертацый.

У сваім ужо немаладым узросце П.У. Сцяцко прымае актыўны ўдзел у навуковым, адукацыйным і грамадскім жыцці ўніверсітэта.

Асабістыя старонкі сяброў СБП

Паказаць увесь спіс