Смалянчук Аляксандр Фёдаравіч

Смалянчук Аляксандр Фёдаравіч

Смалянчук Аляксандр Фёдаравіч

Смалянчук Аляксандр Фёдаравіч нарадзіўся 23 траўня 1959 г. у гарадскім пасёлку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл. Маці працавала настаўніцай у школе, бацька быў камсамольскім работнікам.

Скончыў школу ў Слоніме, вучыўся на гістарычным факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Пасля яго заканчэння ў 1981 г. (ужо як Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы) некаторы час працаваў настаўнікам у Гарадзенскай школе-інтэрнаце для дзяцей з аслабленым зрокам, а ў лістападзе 1981 г. быў закліканы на тэрміновую вайсковую службу. Працаваў настаўнікам, навуковым супрацоўнікам Гарадзенскага музея гісторыі рэлігіі і Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея (аддзел рэдкай кнігі).

Улетку 1990 г. паступіў у завочную аспірантуру Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Пачатак навучання і самастойнай навуковай працы супаў з новым этапам беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння і незалежнасцю Беларусі. Навуковым кіраўніком быў прафесар Міхась Біч (1932-1997), адзін з аўтараў нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі Беларусі.

У 1994 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Праца была прысвечаная дзейнасці польскіх арганізацый у Беларусі падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. З 1999 г. быў намеснікам рэдактара часопіса “Гістарычны альманах” (да 2015), выдаваў альманах “Горад святога Губерта” (2001-2012), застаюся рэдактарам гадавіка антрапалагічнай гісторыі „Homo Historicus” (2008- па сённяшні дзень).

У 2001 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі абараніў доктарскую дысертацыю па гісторыі польскага руху ў Беларусі і Літве ў апошнія 50 год існавання Расійскай імперыі. З 2006 г. вымушаны працаваць па-за межамі Беларусі. Быў кіраўніком праграмы “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія” ў Вільні, у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (2007-2010), з 2011 г. працую прафесарам Інстытута славістыкі Польскай Акадэміі навук (Варшава), з 2015 г. – таксама ў Цэтры беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэту.

Усяго ў бібліяграфіі маю 235 навуковых публікацый у выданнях Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны, Нямеччыны і каля 50 публіцыстычных тэкстаў. Аднак спіс апошніх не складаў. Некаторыя з гісторыка-публіцыстычных тэкстаў увайшлі ў зборнік “Беларуская гісторыя: знайсці чалавека” (Мінск: Выдавец І.Логвінаў, 2013).

Асабістыя старонкі сяброў СБП

Паказаць увесь спіс