Барыс Сачанка. Пад сузор'ем сярпа і молата

Барыс Сачанка. Пад сузор'ем сярпа і молата

Нячаста здараецца такое, што пасля смерці прыкметнага аўтара праходзяць дзясяткі год, і раптам аб'яўляецца невядомая ягоная кніга. Тым не менш, з празаікам, гісторыкам, галоўным рэдактарам «Беларускай Энцыклапедыі» Барысам Сачанкам здарылася менавіта так: сваю апошнюю кнігу «Пад сузор'ем сярпа і молата» ён паспеў здаць у выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кніга не задумвалася як развітальная, наадварот, Сачанка быў поўны планаў на будучыню, аднак раптоўная смерць перакрэсліла іх усе. У выдавецтве таксама пачаліся незразумелыя затрымкі з выхадам кніг. Урэшце, праляжаўшы дзесяць гадоў на складзе, рукапіс кнігі вярнуўся ў сям'ю Барыса Сачанкі, да ягонай дачкі Галіны.

Кніга змяшчае тэксты, напісаныя Барысам Сачанкам у апошнія гады жыцця. Адкрывае зборнік аўтабіяграфічная аповесць “Засталіся толькі ўспаміны…” – пра ваеннае дзяцінства ў вёсцы Вялікі Бор, паўсядзённае жыццё на акупаванай тэрыторыі, а пасля спаленне вёскі і высылку насельніцтва на працы ў Германію. Гэта, зрэшты, і адзіны дастаткова аб’ёмны тэкст у зборніку. Асноўная частка кнігі – мемуарныя нататкі і літаратурныя запісы з часоў працы Барыса Сачанкі ў рэдакцыі часопіса “Полымя” (1960-1976), узгадкі пра выдатных пісьменнікаў і цяжкі ход рэбілітацыі рэпрэсаваных, які распачаўся пасля ХХ з’езду КПСС і выкрыцця культу асобы Сталіна.

Рэабілітаваныя стаюцца героямі не толькі кароткіх мемуарных мініяцюр, але і цэлых нарысаў, напісаных ужо не толькі на аснове асабістага знаёмства з імі і іх сваякамі, але перш за ўсё дзякуючы працы ў архівах, што наноў адкрыліся пасля хрушчоўскай адлігі толькі напрыканцы 1980-х, у час гарбачоўскай перабудовы і новай, значна больш маштабнай хвалі рэабілітацыі ахвяраў сталінскага тэрору.

Адной з грунтоўна прапрацаваных Сачанкам тэм была літаратура паваеннай беларускай эміграцыі – ёй у апошняй кнізе пісьменніка прысвечана ці мала старонак з публікацыяй малавядомых фактаў біяграфіі ўдзельнікаў літаратурнага руху на выгнанні, іх лістоў і нават некаторых твораў. Разам з архіўнай дзейнасцю, Барыс Сачанка быў вядомы як зацяты бібліяфіл, і аповеды пра здабыццё рэдкіх беларускіх выданняў будуць дарагія сучасным збіральнікам кнігі. Свае блуканні па кнігарнях Сачанка апісвае не толькі на аснове беларускіх рэалій: у травелогу "Восень у Парыжы" пра свой побыт у французскай сталіцы беларускі літаратар піша і пра знакамітых букіністаў на ўзбярэжжы Сены, і пра антыкварныя парыскія крамы.

Артыкулы, эсэ, дзённікавыя запісы, мініяцюры Барыса Сачанкі, сабраныя ў кнізе «Пад сузор'ем сярпа і молата» друкаваліся ў часопісах “Крыніца”, “Полымя”, штотыднёвіку “ЛіМ”. На той бурлівы час пачатку 1990-х яны былі надзвычай прыкметныя, бо змяшчалі невядомыя факты з беларускай гісторыі, у тым ліку і перш за ўсё – гісторыі беларускай літаратуры.  З упэўненасцю можна сказаць, што гэтыя факты і цяпер недастаткова засвоеныя і ўсім даступныя. Архівы сталінскага тэрору зноў надоўга зачыніліся, эміграцыйная літаратура па-ранейшаму не выдаецца дзяржавай, а таму чытанне апошняй, насычанай фактамі, кнігі Барыса Сачанкі прынясе немалую асалоду і даследчыку-літаратуразнаўцу, і гісторыку, і ўрэшце кожнаму хто цікавіцца літаратурай.

Шукайце зборнік Барыса Сачанкі ў кнігарнях:

“Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72); кнігарня “Логвінаў” (пр-т Незалежнасці, 37А); “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2); “Веды” (вул. К. Маркса, 36); “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11); “Цэнтральная кнігарня” (пр-т Незалежнасці, 19); “Кніжная шафа” (пр. Дзяржынскага, 9), “Галіяфы” (вул. Старавіленская, 6).

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org