Міхаіл Валодзін. Наш стары добры Вавілон: Прагулка па горадзе ў Мінскіх гісторыйках

Міхаіл Валодзін. Наш стары добры Вавілон: Прагулка па горадзе ў Мінскіх гісторыйках

У яе стварэнні, акрамя аўтара, бралі ўдзел мастакі, перакладчыкі, фатографы, гісторыкі-архівісты, і, канечне, мінчукі і ўласна героі апавяданняў.

 

Пачэсную кампанію знанаму нонфікшн-пісьменніку Міхаілу Валодзіну і чытачам яго кароткай прозы склалі Дастаеўскі і Талстой, Купала і Колас, Мальер і Вальтэр, Кацярына І і Пётр Вялікі, Пушкін, Александроўская і Кастравіцкая, Фідэль Кастра… — усяго пантэон з 29 асобаў, працяг якога аўтар давярае ўсім ахвотным чытачам.

«Гісторыя нагадвае пазл: мінулае звальвае да кучы факты і “рэчыўныя доказы”, і калі іх правільна скласці, атрымаецца карціна, падобная да той, што была ў рэчаіснасці», — адзначае аўтар і такім чынам дае зразумець — ключ да ягоных апавяданняў варта шукаць у постмадэрнісцкай гульні на мяжы няўмольнай рэальнасці і мастацкай выдумкі.

“Старая новая” гісторыя Мінска ў кнізе Міхаіла Валодзіна адсылае нас да вандроўнага культурнага міфу пра Вавілон, у якім мінскія гісторыйкі, шчыльна паяднаныя на старонках выдання з архіўнымі фотаздымкамі, малюнкамі, калажамі і мапамі, ствараюць унікальны гарадскі маршрут, па якім чытачы могуць здзейсніць і самастойны шпацыр. Прагулка можа быць як урэчаісненай, так і ў глыбінях свядомасці кожнага з нас — каму як даспадобы.

Беларуска-нямецкае выданне “Мінскіх гісторыек”, падрыхтаванае кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў у серыі “Кнігарня пісьменніка”, ужо з’явілася ў мінскіх кнігарнях і інтэрнэт-крамах knihi.by і imbryk.by!

“Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А), “Кніжная шафа” (пр. Дзяржынскага, 9), “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2), “Веды” (вул. К.Маркса, 36), “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19), “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14), Кніжная выстава-кірмаш “Мир книг” (вул. Янкі Купалы, 27), “Эўрыка” (вул. Куйбышава, 75).

ВТ, для lit-bel.org