Мікола Гіль. Неадступнасць

Мікола Гіль. Неадступнасць

Аматары лаканічнай формы толькі пасмяюцца, маўляў, ніякі гэта не выклік, і не эксперымент, а звыклы стыль. Але для творцаў, якія маюць схільнасць да пісання доўгіх вершаў ды паэм, гэта можа стацца складанай задачай: як у такім маленькім аб'ёме змясціць усё багацце смелых вобразаў і новых ідэй? Але Мікола Гіль у сваёй кнізе паэзіі даказвае, што ўсё цалкам магчыма.

Дарэчы, выданне — зусім не эксперымент, не выклік, а хутчэй падрахунак зробленага за доўгія гады. Васьмірадкоўі, што ўвайшлі ў кнігу «Неадступнасць», пісаліся паэтам у розныя гады — і ў далёкія 1970-я, і ў пачатку 2010-х.
І сімвалізм назвы кнігі — не ў вернасці паэтычнай форме, а ў прыхільнасці да ідэй, поглядаў, якую творца здолеў пранесці ледзь не праз усё жыццё.

Імя Міколы Гіля — зусім не новае для нашага чытача. Ён аўтар многіх кніг прозы і паэзіі, працаваў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», быў супрацоўнікам Мінскай студыі тэлебачання, рэдакцый часопісаў «Маладосць», «Мастацтва», «Родная прырода». Дарэчы, дзякуючы менавіта яго руплівай працы мы па-беларуску можам прачытаць кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя смерцю» і «Чарнобыльская малітва». Мікола Сымонавіч таксама перастварыў на беларускай мове творы літоўскіх, венгерскіх і шведскіх пісьменнікаў.

Але вернемся да «Неадступнасці». Дарэчы, на першай старонцы кнігі ёсць досыць істотная пазнака: «Зімовыя васьмірадкоўі». Так аўтар нас нібыта папярэджвае. Не, зусім не пра тое, што чытаць кнігу трэба ўзімку, калі на вуліцы сцюжа (у такі час больш лагічна было б разгарнуць тоўсты раман, а не чытаць кароценькія вершы). Гаворка зноў-такі ідзе пра стыль — сузіральны, разважлівы, з акцэнтам на дэталях. У такім стылі беларус можа разважаць хіба толькі зімою, калі працы па гаспадарцы не так шмат. І вось гэтая сувязь са спрадвечнымі завядзёнкамі нашых продкаў, нейкім каранёвым ладам мыслення вельмі добра адчуваецца ў вершах Міколы Гіля, што склалі новую кнігу.

Ёсць тут і развагі пра сучаснасць, нават заўвагі нашаму часу і маладому пакаленню. Ёсць замалёўкі-пейзажы і роздумы пра лёс радзімы. А ёсць і глыбока асабістыя вершы, што адкрываюць пачуцці лірычнага героя ў сучаснасці ці праз успаміны пераносяць у гады яго маладосці. Так, чытач адразу адчувае, што аўтар — сталы чалавек. Ён жыве клопатам пра дзяцей і ўнукаў, схільны хутчэй падводзіць жыццёвыя вынікі, чым будаваць планы на будучыню. А яшчэ — ён мастак, здольны пабачыць прыгажосць нават у дробязях, і выдатны філосаф, мудрэц, чыя мудрасць падмацоўваецца жыццёвымі назіраннямі. Паэт разважае не толькі пра бытавыя рэчы, зямныя, але і пра больш узвышаныя, філасофскія паняцці, напрыклад суаднясенне ўзросту чалавека і хуткасці бегу часу:

Калісь, падпаскам

у дзеда Міхалкі,

Прыждаць я вечара ніяк не мог:

Хоць замахніся на сонца

палкай,

Каб хутчэй скацілася на парог!..

А сёння ўражаны: як раптоўна

Уставаў месяц!..

Вось бліснуў краёк,

А праз хвіліну — ужо ўся поўня!..

І хутка ж круціцца Зямлі ваўчок!

Вершы Міколы Гіля з кнігі «Неадступнасць» — цалкам традыцыйныя для беларускай паэзіі. Строгі памер, рыфма. І так — страфа за страфой, верш за вершам. Сумна? Не. Так, тут ёсць пэўная аднастайнасць, але яна — зусім не хіба кнігі. Гэта пазнака таго, што аўтар умее сказаць сваё слова, выказваючы павагу да творцаў-папярэднікаў, ён здольны выказаць уласную думку і не пакрыўдзіць тых, хто побач. І гэта не імкненне быць падобным да іншых, не жаданне зліцца з натоўпам, а вялікая творчая мудрасць, тактоўнасць. Гэтыя рысы — прыкметы голасу сталага паэта, якому для таго, каб прамаўляць гучна і цвёрда, не патрэбныя эксперыменты. Трэба толькі быць верным. Перадусім — сабе.

Марына ВЕСЯЛУХА, "Звязда"