Сяргей Ваганаў. Мосцік над вечнасцю

Сяргей Ваганаў. Мосцік над вечнасцю

"Тэксты з кнігі часткова друкаваліся ў газетах “Народная Воля” і “Наша Ніва” пад рубрыкай “Камертон”. Гэта нарысы і эсэ пра розныя падзеі, часам нават як бы нязначныя. Агульнае, што яднае іх, — гэта Памяць. Мне заўсёды здавалася, што зразумець сучаснасць і зазірнуць у будучыню немагчыма без памяці пра мінулае, без адчування няспыннай плыні жыцця. Свайго жыцця, сваёй сям’і, грамадства, краіны", -- прызнаецца аўтар у звароце да чытача.

Уладзімір Някляеў пра кнігу “Мосцік над вечнасцю”

“З аўтарам мы сябруем амаль паўстагоддзя, з таго часу, як пазнаёміліся ў рэдакцыі газеты “Знамя юности”. Раю прачытаць “Мосцік над вечнасцю”, дзе пра пражыты час і пра сябе ў часе ён сам усё сказаў. Ну, ці амаль усё… А ў дадатак — прысвечаны сябру верш, народжаны пасля таго, як прачытаў ягоную кнігу.

СВЕТ

Сяргею Ваганаву

Калі глядзець на свет прыветна,
Не распаляць у сэрцы злосць –
Свет не такі ўжо беспрасветны,
Святло таксама ў свеце ёсць.

І людзі ёсць, і ёсць не людзі,
І ўсё, што тут стварыў Гасподзь…

І ёсць сам-Свет,
Ёсць цуд,
І ў цудзе
Ёсць мы — на міг адзіны хоць…