Валеры Дубоўскі. На пачатку маўчання

Валеры Дубоўскі. На пачатку маўчання

Спадар Дубоўскі раней вядомы беларускай грамадзе як журналіст, кіраўнік шэрагу беларускіх перыядычных выданняў, дырэктар выдавецтва “Беларусь”, зараз выступіў у новай для сябе ролі — аўтара кнігі паэзіі.

Менавіта кнігі, а не зборніка паэзіі, што падкрэслівае ў прадмове да яе мэтр айчыннай літаратуры Рыгор Барадулін:

“Гэта кніга паэзіі: мяноўна кніга, а не зборнік. Бо ёсць развіццё вобразаў, задум, гутаркі і спрэчкі з часам.

Валер Дубоўскі не піша вершы, рыфмаваныя радкі ці верлібры. Ён жыве паэзіяй. Думае, як падказвае паэзія.

Мова ў Валеры Дубоўскага натуральная, жывая, бо на ёй думае паэт. Беларуская мова ў паэта своеасаблівая, бо на ёй, калі льга так сказаць, паэт бачыць.

“На пачатку маўчання” – так сціпла дадзена імя тому сапраўднай паэзіі.

Прачытаеш кнігу – усё наўкола і ў душы будзе гаварыць, будзе яшчэ раз цвярдзіць – беларускае паэтычнае слова жыве.

І жыць будзе, пакуль у нас нараджаюцца новыя і новыя ўзнёслыя працаўнікі роднага слова.

Адзін з іх Валеры Дубоўскі.

Хай гучыць ягоная паэзія! Хай палоніць!”