10 малавядомых фактаў пра паэта Аляксея Пысіна

22 сакавіка спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Аляксея Пысіна. Яго суровую і вобразную паэзію параўновалі з прозай Васіля Быкава. Ён усё жыцьцё пражыў на Магілёўшчыне, дзе канфліктаваў зь мясцовым начальствам, заступаўся за простых людзей.


Пысін (1920–1981) прайшоў усю вайну. На целе меў шматлікія раны і шнары. Быў расчараваны сваёй першай кнігай і доўгі час не выдаваў зборнікаў, стаўшы вядомым толькі пасьля сарака гадоў. У 1968-м стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за кнігу вершаў «Твае далоні». Не любіў антырэлігійнай творчасьці Кандрата Крапівы і афіцыёзнай паэзіі Петруся Броўкі, заўсёды падтрымліваў і прапагандаваў маладых магілёўскіх паэтаў. Вось яшчэ 10 цікавых фактаў пра яго.

Кніга Аляксея Пысіна, якой ён вельмі ганарыўся, «Твае далоні», 1967 г.

Кніга Аляксея Пысіна, якой ён вельмі ганарыўся, «Твае далоні», 1967 г.

1. У дзяцінстве любіў рызыкаваць жыцьцём

«Часта... каля млына зьбіраліся дзеці... Калі маха [крыло ветрака] набліжалася да зямлі, хто-небудзь з хлапчукоў чапляўся за яе... уздымаўся на пэўную вышыню і саскокваў, імкнучыся ўтрымацца на нагах... — Зараз я зраблю круг, — сказаў аднойчы [Пысін] і, учапіўшыся за маху, пачаў уздымацца... Усе замерлі ад жаху. А што, калі замлеюць рукі? Наступнае крыло на хаду можа забіць! Але гэтага ня здарылася. Апынуўшыся на самай вышыні, Алёша разам з махай пайшоў на зьніжэньне і хутка стаў на зямлю». (М.Малінін. На першых прыступках. // Полымя, 1993, № 5).

Кніга А. Пысіна «Мае мерыдыяны» (1966 г.), якая зрабіла імя паэта вядомым

Кніга А. Пысіна «Мае мерыдыяны» (1966 г.), якая зрабіла імя паэта вядомым

2. Дзівіўся гуманізму палонных немцаў

«Батальёну, у якім знаходзіўся [Пысін], 8 мая здаліся ў палон некалькі тысяч узброеных немцаў. І вось паведамілі, што Германія зрынута і прынята яе капітуляцыя. Перамога! Пачалося сьвяткаваньне. Пілі і закусвалі спачатку паасобку, а затым немцы прыйшлі да нашых салдатаў, а нашы — да немцаў... пачалі братацца, абдымацца... — А яны ж, немцы, каб хацелі, маглі нас, жменьку салдатаў і афіцэраў, голымі рукамі за хвіліну зьнішчыць, — зьдзіўляўся Аляксей Васілевіч» (В. Арцем’еў. Паэт вузел завязаў. Магілёў, 2008).

Разам з Васілём Быкавым. 1973 г.

Разам з Васілём Быкавым. 1973 г.

3. Лаяў Леніна за бесчалавечнасьць

«...Яшчэ ў 1972 годзе Аляксей Пысін... расказваў пра Леніна, яго жорсткасьць, бесчалавечнасьць, пра адсутнасьць павагі да звычайных людзей, асабліва інтэлігенцыі і нават да сваіх паплечнікаў... Пысін пра іх, тыя жахлівыя рысы сапраўднага Леніна, ведаў ад маскоўскіх сяброў» (Дз. Бугаёў. Дабрыня і спагадлівасьць былі яго сутнасьцю. / Служэньне Беларусі. Менск, 2003).

Вокладка адной з найлепшых кніг А. Пысіна «Ёсьць на сьвеце мой алень», 1978 г.

Вокладка адной з найлепшых кніг А. Пысіна «Ёсьць на сьвеце мой алень», 1978 г.

4. Крытыкаваў маршала Ракасоўскага

«У... Ракасоўскага была каманда адна: ё... ў рот, упярод. Людзей... не шкадаваў. Дзе можна было абысьціся без ахвяраў, абысьці тую ці іншую вышыню — салдатаў пёрлі пад кулямётныя ўраганы. Як у песьні сьпяваецца? Нам трэба перамога, адна на ўсіх, мы за цаной не пастаім...» (Р. Яўсееў. «У сваю дывізію пайшоў...» // Маладосць, 2000, № 7).




5. Ваяваў супраць савецкіх чыноўнікаў

«Аднаго разу першы сакратар райкаму партыі загадаў зьняць з паласы газэты (чэрыкаўская „Сацыялістычная перамога“. — РС) крытычныя радкі пра братоў Шнэйдэрманаў (адзін працаваў у банку, другі ў міліцыі — сьледчым). Рэдактар Пысін адмовіўся выконваць загад. ...Тады першы сакратар... забараніў выхад нумару. Аляксей Васілевіч пайшоў на пошту і даў тэлеграму ў ЦК КПСС на імя Хрушчова. ...Празь дзень ці два нумар выйшаў з друку, без купюраў. У райкаме партыі быў ужо новы першы сакратар, а рэдактар газэты Пысін атрымаў суровую вымову...» (В. Арцем’еў. Паэт вузел завязаў. Магілёў, 2008).

Аркамя таго, «[Пысіну] рыхтавалася выключэньне з партыі і звальненьне з пасады рэдактара... Дзякуючы інструктару ЦК КПБ Георгію Напрэеву расправа не адбылася...» Не без удзелу Напрэева Пысін быў адпраўлены ў Маскву вучыцца ў Літаратурным інстытуце імя Горкага (У. Бардзілоўскі. Тэлеграма ў Крэмль. // Магілёўскія ведамасьці, 3 жніўня 2002).

Шарж на Аляксея Пысіна (ЛіМ, 8 сакавіка, 1966 г.)

Шарж на Аляксея Пысіна (ЛіМ, 8 сакавіка, 1966 г.)

6. Актыўна выступаў супраць мэліярацыі

«...Ён прыгадаў, як пісаў... пісьмо-пратэст, якое паслаў у Маскву у ЦК КПСС. Ведаў: бяда прыйдзе, калі зьдзейсніцца той плян. — Выклікалі мяне ў Менск, у ЦК КПБ. Ня стаў гаворку са мной весьці ніводзін сакратар камітэту, нават загадчык аддзелу адмовіў у прыёме. Даручылі маладзенькаму інструктару. Ён пачаў тлумачыць мне выгоды мэліярацыі. Тады я спытаў яго: «А вы ведаеце? ад чаго ўтварылася пустыня ў Сярэдняй Азіі?» — «Ня ведаю», — шчыра прызнаўся той. — «То ня трэба траціць час на пустую гаворку». (В. Арцем’еў, 2008).

Рыгору Яўсееву Пысін расказваў: «...У ЦэКа... выхоўвалі мяне... Сказалі, каб не ў сваю справу ня лез, што партыі відней, чым займацца...» (Р. Яўсееў. «У сваю дывізію пайшоў...» // Маладосць, 2000, № 7).

Кніга Аляксея Пысіна «Сонечная паводка», 1962 г.

Кніга Аляксея Пысіна «Сонечная паводка», 1962 г.

7. Шкадаваў, што склаў верш, прысьвечаны Валянціне Церашковай

«...Калі [Пысін] даведаўся, што бацька першай у сьвеце жанчыны-касманаўткі Валянціны Ўладзімер Церашкоў зь Бялыніцкага раёну, то напісаў верш, які прысьвячаўся ёй, і надрукаваў у раённай газэце, а пасьля... вельмі каяўся. А было так. Піянэры мясцовай школы вёскі Ількавічы, адкуль бацька касманаўткі, паехалі на Волгу, туды, дзе нарадзілася гераіня космасу, а яна іх не прыняла, сказала, што зь Беларусьсю нічога агульнага ня мае. Так і вярнуліся пакрыўджаныя дзеці, што вельмі расчаравала Пысіна» (Р. Яўсееў, 2000).

8. У брэжнеўскія часы выдаў казку, дзе здолеў напісаць непрыхаваную праўду пра вайну

Вокладка кнігі «Кавылёк», 1966 г.

Вокладка кнігі «Кавылёк», 1966 г.

«Сюжэт „Кавылька“ зьдзіўляе сваёй амаль гратэскнай зухаватасьцю. Стары башкір прыводзіць на пачатку вайны ў беларускае (!) войска вярблюда Кавылька, каб той паслужыў у змаганьні супраць акупантаў. У вобразе Кавылька, які ніколі ня лезе пад кулі і стараецца быць цішэй за ўсіх, пакутуе ад голаду ў савецкім войску і трапляе ў палон, угадваецца звычайны салдат, для якога галоўнае выжыць, а не застацца героем. Пысін адзін зь першых у беларускай літаратуры вывеў у падобнай мэтафарычнай форме такі праўдзівы тып. І цэнзура гэта прапусьціла, ня ўбачыўшы крамольны падтэкст» (В. Дранько-Майсюк. Духоўны сябар Рэнэ Магрыта // «Звязда», 18 мая 2018).




9. Сьвядома зьнішчаў свой архіў

«27 жніўня 1981 году. Аляксей Пысін раптоўна памірае, не пакінуўшы пасьля сябе вялікага архіву...». (Т. Хоміч. Пра яго // «Крыніца, 2002, № 1).

«...Аляксей Васілевіч сказаў: — А ў мяне архіву ня будзе!.. Лішнія паперы — толькі замінаюць творчасьці... А яшчэ ён не хацеў, каб у яго чарнавіках хтосьці корпаўся. І спаслаўся на прыклады, калі дасьледчыкі, бы ў бруднай бялізьне, капаюцца ў архівах Льва Талстога, Сяргея Ясеніна, Уладзіміра Маякоўскага...» (В. Арцем’еў. Бібліятэка Аляксея Пысіна. // «Полымя», 1995, № 3).

Сярод беларускіх пісьменьнікаў

Сярод беларускіх пісьменьнікаў

10. Ажыў у трупярні

«Сьмерць яго была заўчаснай і трагічнай. Памёр у Магілёўскай гарадзкой больніцы з прычыны злачынна-халатных адносін урачоў. Яшчэ жывым яго паклалі ў морг на халодны мармуровы стол. Пры жывым яшчэ напісалі яму нэкралёг... Калі ажылага ў моргу паэта забралі ў рэанімацыю, то ён пражыў яшчэ ці ня двое сутак. Апошнімі былі яго словы-мальба: «...забяры мяне адсюль... забяры хутчэй...» (В. Арцем’еў, 2008).

«Калі цела паэта везьлі ў трупярню, „мярцьвяк“ раптам падняў руку... — Што ж вы робіце, ён яшчэ жывы, — са сьлязьмі ў вачах усклікнула... Люба Пысіна. Каталку павярнулі назад... Няхітрая лёгіка падказвае, што рэпутацыю лекараў, якія датэрмінова „рапартавалі“ пра сьмерць ляўрэата Дзяржаўнай прэміі, магла выратаваць сапраўдная сьмерць паэта. Тое ж самае выратавала ад непрыемнасьцяў і абкам, які пасьпеў паведаміць сумную навіну ў ЦК КПБ... Думаецца, таямніца сьмерці [Пысіна]... магла б зацікавіць Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і пракуратуру» (В. Бордиловский. В смерти Алексея Пысина кроется тайна. // «Магілёўскія ведамасці», 24 сакавіка 1994).

Мэмарыяльная дошка на праспэкце Міру, 35а ў Магілёве

Мэмарыяльная дошка на праспэкце Міру, 35а ў Магілёве

Аўтар выказвае ўдзячнасьць Марату Баскіну і Вользе Гулевай.

Васіль Дранько-Майсюк, Радыё Свабода