110 год Ларысе Геніюш: СБП наведаў Зэльву

9 жніўня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш. У гэты дзень дэлегацыя Саюза наведала Зэльву, каб ушанаваць памяць вялікай беларускі.

Вершы Ларыса Геніюш пісала яшчэ ў гімназіі, друкавацца пачала ў 1939 годзе ў беларускіх эмігранцкіх перыядычных выданнях. У час вайны друкавалася ў газетах «Раніца», «Беларускі работнік», «Новы шлях» і інш. У 1942 годзе ў Празе выйшаў першы зборнік яе паэзіі «Ад родных ніў», у якім пераважаюць нацыянальна-вызваленчыя матывы. Пісала вершы і ў зняволенні. Пасля вызвалення яе творчасць на працягу 10 гадоў была забаронена. У 1967 годзе пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусі зборнік «Невадам з Нёмана». Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы, апублікавала дзве кніжкі вершаў для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь» (1976). Аўтар зборніка «На чабары настоена» (1982). Пасмяротна былі выдадзены найбольш поўныя і значныя зборнікі яе твораў.

У творчасці паэтэсы вобраз Беларусі скразны. Вершы Ларысы Геніюш меладычныя, прасякнуты фальклорнымі ўплывамі (паэмы «Куфар», 1967; «Маёй бабусі», апубл. ў 1989; «Даўніна», апубл. ў 1990). Звярталася да гісторыі Беларусі. Нязломнасцю духу вызначаюцца лагерныя творы («Крывёй напоўніліся поймы рэк», «Мы — народ»), кніга ўспамінаў «Споведзь» (апубл. ў 1990). На яе вершы напісаны песні.

Дэлегацыя ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" у складзе Барыса Пятровіча, Алеся Пашкевіча, Усевалада Сцебуракі, Сюзанны Паўкштэла, Валера Грыневіча і Ціхана Чарнякевіча правяла ўскладанне кветак у месцы апошняга спачыну Ларысы Геніюш, а таксама наведала Зэльвенскую царкву, каля якой усталяваны адзіны ў Беларусі помнік паэткі.



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"