2020 – год выклікаў і выпрабаванняў

Дзве тысячы дваццаты, безумоўна, увойдзе ў гісторыю Беларусі як год, асаблівы ў многіх адносінах. Гэтыя дванаццаць месяцаў беларусы пражылі ў няпростай барацьбе з пастаяннымі выклікамі. Самым непасрэдным чынам яны закранулі і наш Саюз.

Адным з асноўных выклікаў стала пандэмія COVID-19, якая распачалася яшчэ напрыканцы 2019-га, але ў першыя месяцы 2020-га ахапіла сваім полымем усе кантыненты, у тым ліку і нашу краіну. З гэтай прычыны з вясны мы былі вымушаныя адмяніць фактычна ўсе сустрэчы з літаратарамі і пісьменніцкія паездкі, якія традыцыйна ладзіліся па ўсёй Беларусі. На дзяжурны рэжым, у межах бяспекі і прафілактыкі захворвання, быў пераведзены і офіс СБП. Да разгару эпідэміі мы змаглі арганізаваць прэзентацыю абласнога альманаха СБП “Ратуша” у Полацку, з’ездзіць з “Дзеясловам” у Салігорск і Віцебск. У далейшым – ушанаваць памяць Васіля Быкава і завітаць на адкрыццё яго мемарыяльнай шыльды. У дзень 110-годдзя Ларысы Геніюш мы прыязджалі ў Зэльву, наведалі жалобнае развітанне падчас перапахавання Змітрака Бядулі, ушанавалі памяць слуцкіх паўстанцаў у соты Дзень Герояў Слуцкага збройнага чыну.

У час пандэміі каронавірусу грамадства аб’ядналася ў вырашэнні многіх праблем з недахопам масак, лекаў, матэрыялаў, у выніку чаго паўсталі ініцыятывы грамадскай салідарнасці. Нельга не адзначыць, што інфармаванне і статыстыка з боку дзяржаўных органаў пра пандэмію ставілася пад сумнеў многімі экспертамі. Разам з ЗБС “Бацькаўшчына” Саюз прыняў зварот з заклікам да адмены публічных мерапрыемстваў, у сувязі з “адсутнасцю эфектыўных захадаў па супрацьстаянні вірусу з боку беларускіх уладаў”.

**

Яшчэ больш аб’яднаўчым фактарам для грамадства стала палітычная абстаноўка ў краіне, якая ўскладнялася яшчэ са студзеня, калі за ўдзел у акцыях за незалежнасць Беларусі былі асуджаныя на арышт альбо буйны штраф многія найвядомейшыя беларусы, у тым ліку сябры нашай арганізацыі. У адказ на пратэст Рады СБП у сувязі з таемным перамоўным працэсам па інтэграцыйных “дарожных картах” з Расіяй намі быў атрыманы ліст за подпісам намесніка міністра замежных спраў Беларусі Я. Шастакова з запэўніваннямі ў непарушнасці дзяржаўнага суверэнітэту. 

Сітуацыя значна пагоршылася з пачаткам перадвыбарчай электаральнай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі, якая была спалучаная з чарговымі абмежаваннямі беларусаў у правах. У прыватнасці, міністр інфармацыі Ігар Луцкі ў інтэрв’ю сфармуляваў новую стратэгію свайго ведамства ў «абмежаванні насельніцтва ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве». Крыніцай такой інфармацыі міністр палічыў «інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, старонкі сайтаў, відэахостынгі». У сувязі з адкрытым увядзеннем цэнзуры Рада СБП выступіла з адмысловым зваротам, дзе заклікала да выканання Канстытуцыі, у якой забараняецца цэнзура. Падчас кампаніі затрымалі сябра нашай арганізацыі Паўла Севярынца, які і дагэтуль застаецца за кратамі. Грамадскі дзеяч, пісьменнік і палітык, Севярынец быў затрыманы падчас легальнага пікета па зборы подпісаў. Пратэстуючы супраць арышту заяву сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, рада нашай арганізацыі прыняла супольную з ЗБС “Бацькаўшчына” з патрабаваннем спыніць пераслед актывіста.

Сітуацыя з правамі чалавека імкліва пагаршалася цягам усяго лета і кульмінацыі дасягнула ў першыя дні пасля выбараў 9 жніўня, калі адбыліся беспрэцэдэнтныя па жорсткасці акцыі праваахоўнікаў супраць мірных дэманстрантаў, у выніку чаго ў пастарунках і ізалятарах апынуліся тысячы грамадзянаў. Больш за 700 заяў пацярпелых ад катаванняў было зарэгістравана Генеральнай пракуратурай і па факце іх дагэтуль праводзіцца праверка Следчым камітэтам, аднак ніводнай крымінальнай справы не заведзена. Яшчэ ў дні, калі ў Беларусі не працаваў інтэрнэт, 10 жніўня, Саюз беларускіх пісьменнікаў здолеў распаўсюдзіць у СМІ заяву пра тое, што гвалтоўнае падаўленне пратэстаў “прывяло да ўзрастання канфрантацыі ў грамадстве і паставіла пад сумнеў вынікі галасавання і легітымнасць дзейнай улады як у грамадзян Беларусі, так і ў міжнароднай супольнасці”.

Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” запатрабаваў: спыніць гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў; неадкладна вызваліць усіх затрыманых падчас выбарчай кампаніі 2020 года; абраць новы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь у сувязі з катэгарычным недаверам да цяперашняй ЦВК; правесці паўторныя празрыстыя дэмакратычныя выбары, забяспечыўшы фарміраванне выбарчых камісій з абавязковым удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных міжнародных і беларускіх назіральнікаў”.

Гэтым чатыром патрабаванням усё яшчэ належыць спраўдзіцца, бо ніводнае з іх улада не выканала, і канфрантацыя, палярызацыя ў грамадстве, а таксама ўзрастанне гвалту з боку ўлады працягваецца. Тым не менш, усім відавочна, што менавіта гэтыя патрабаванні з’яўляюцца зарукай развязання крызісу ў краіне.

Падчас і пасля выбарчай кампаніі пацярпелі, былі зняволеныя сябры нашай арганізацыі, навучэнцы Школы маладога літаратара, удзельнікі партнёрскіх праектаў паэт Данііл Арыянаў (Лысенка), перакладчык Яўген Бяласін, паэт Павел Горбач, пісьменнік Ян Грыб, паэтка і перакладчыца Ганна Комар, гісторык, пісьменнік і журналіст Алесь Краўцэвіч, фатограф і паэт Георгій Ліхтаровіч, паэт і музыка Уладзь Лянкевіч, перакладчык Сяржук Мядзведзеў, паэт і грамадскі дзеяч Мікола Папека, пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец, празаік і актывіст Павел Севярынец, гісторык і пісьменнік Алесь Смалянчук, паэт Дзмітрый Строцаў, празаік Антон Уласенка. Шмат хто з нашых сяброў зазнаў праблемы на працы ў сувязі з выказваннем сваёй грамадзянскай пазіцыі, шмат каго спасцігла бяда ў сям’і.Святлана Купрэева – дачка пісьменніка Міколы Купрэева, былая сяброўка ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка і блізкая сяброўка іх сям’ – з 11 ліпеня знаходзіцца пад вартай па крымінальным абвінавачванні . 11 снежня суд працягнуў ёй тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы. Была абвінавачаная па крымінальнай справе за карагод у Берасці дачка паэта, сябра СБП Уладзіміра Глазава, выкладчыца Марына Глазава (нядаўна яна была пераведзена з ізалятара пад хатні арышт, але абвінавачанні не знятыя). У сувязі з працягам расправы над дэманстрантамі было склікана паседжанне Рады СБП, на якім была прынятая заява з падтрымкай Каардынацыйнай Рады, а таксама заклік да міжнароднай супольнасці аб прымусе рэпрэсіўнай улады да дыялогу.

 

**

Адным з найважнейшых накірункаў працы ў гэты час сталася наша камунікацыя на міжнародным узроўні. 13 жніўня Саюз беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады з ініцыятывай выступіць у абарону мірнага пратэсту, заклікаць да актыўнага пашырэння інфармацыі ў еўрапейскіх СМІ, арганізацыях і партыях пра задушэнне свабоды слова, гвалт і катаванні ў дачыненні мірных дэманстрантаў у Беларусі. Арганізацыі, якія аб’ядноўваюць 160 тысяч літаратараў з 34 краін Еўропы, атрымалі англамоўныя дакументы з інфармацыяй аб падзеях у Беларусі, сведчаннямі катаванняў, задушэння свабоды слова і жорсткага абыходжання са зняволенымі.

У выніку Прэзідыум Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады распаўсюдзіў зварот да літаратараў Еўропы і свету з заклікам да салідарнасці з народам Беларусі.

Пасля заявы Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады многія краіны свету адгукнуліся на заклік салідарнасці з Беларуссю.

Супольная праца з EWC працягваецца і надалей. 26 лістапада, у дзень 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, на канале EWC DailyMotion стартавала кампанія #freewordsbelarus. Сумесная акцыя Еўрапейскай пісьменніцкай рады (EWC) і Еўрапейскай рады асацыяцый перакладчыкаў літаратурных твораў (CEATL) з’явілаяся моцным знакам салідарнасці з беларускім народам і арыштаванымі беларускімі аўтарамі і мастакамі.

17 лістапада Саюз беларускіх пісьменнікаў падрыхтаваў і пачаў інфармацыйную кампанію па падпісанні "Адкрытага ліста пісьменніцкай супольнасці" за спыненне рэпрэсій супраць беларускага народу. Ліст імгненна атрымаў шырокі розгалас як у Беларусі, так і ў краінах-суседках.

На дадзены момант адкрыты ліст падпісалі 204 беларускія літаратары розных узростаў і пакаленняў, метадаў і стыляў выказвання. На яго рэагуюць дзеячы культуры іншых краін. Так, свае адкрытыя лісты салідарнасці ў падтрымку беларускіх літаратараў апублікавалі літаратары Польшчы, украінскія пісьменнікі, польскія кампазітары.


**

Літаральна за некалькі тыдняў да лакдаўну ў Еўропе паспелі прайсці мерапрыемствы Міжнароднага паэтычнага фестывалю "Вершы на асфальце" памяці Міхася Стральцова. З замежжа на фестываль завіталі паэты Войцех Бановіч (Польшча), Пётр Міцнер (Польшча), Валтс Эрнстрэйтс (Латвія), Кірылс Эціс (Латвія), Петэр Мілчак (Славакія), Вячаслаў Лявіцкі (Украіна), Алена Сцепаненка (Украіна), Міра Лукша (Беласток). Традыцыйна Саюз беларускіх пісьменнікаў паўдзельнічаў у арганізацыі незалежных літаратурных прэмій. Падчас Міжнароднага паэтычнага фестывалю памяці Міхася Стральцова "Вершы на асфальце" Анатолю Вярцінскаму была ўручаная Літаратурная прэмія імя Міхася Стральцова, а таксама былі ўганараваныя новыя лаўрэаты ўзнагароды часопіса "Дзеяслоў" "Залаты апостраф". Літаратурную прэмію Наталлі Арсенневай атрымала кніга Андрэя Хадановіча "Школа травы", што пабачыла свет у кніжнай серыі наашага часопіса. Кацярына Маціеўская, Ігар Кулікоў і Сяргей Матырка былі ўзнагароджаныя Прэміяй Карласа Шэрмана. Лаўрэаткамі Прэміі Цёткі сталі Зараслава Камінская і Вераніка Шпак, а Прэмію Гедройца атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу "Тантамарэскі". Другое месца, прыз за якое традыцыйна забяспечвае СБП, выйграла кніга Андрэя Адамовіча "Песня пра Цімура". Трэцяе – кніга выпускніцы Школы маладога літаратара "Калядны стол" Зараславы Камінскай.

Дзясяткі гадоў наша арганізацыя плённа працуе з маладымі літаратарамі. Нягледзячы на досыць складанае становішча для ўсіх адукацыйных праектаў у сувязі з каронавірусам, і сёлета пры Саюзе працягвала сваю паспяховую працу Школа маладога літаратара W/Rights. Штогод пашыраецца і ўдасканальваецца адукацыйная праграма школы. У мінулым навучальным годзе працавалі две спецыяльнасці: “Паэзія і мастацкі пераклад” і “Проза”, якія паспяхова выпусціліся напачатку лета. У гэтым годзе з’явілася новая спецыяльнасць: “Крытыка і літаратурнае рэдагаванне тэксту”.

Сярод выкладчыкаў школы – вопытныя настаўнікі і вядомыя творцы: Людміла Рублеўская, Ганна Бутырчык, Уладзімер Сцяпан, Андрэй Хадановіч, Вольга Гронская, Ірына Шаўлякова, Ульяна Верына, якія ва ўмовах пандэміі выдатна працавалі і ў традыцыйна-лекцыйным рэчышчы, і ў фармаце онлайн-заняткаў.

Школа узору 2020 году – гэта не толькі лекцыі і практычныя, але і майстар-класы ад лепшых сучасных пісьменнікаў, а таксама сустрэчы з трэнерамі, юрыстамі, спецыялістамі ў галіне абароны правоў чалавека.

У межах серыі “Пункт адліку” сёлета выйшлі новыя кнігі выпускнікоў і выпускніц Школы – Вал Гайда “Скінь кеды”, Марыны Кайс “Паўзмоўча”, Яўгена Казарцава “F43”, Таццяны Карыткі “Чаму ўсё так”, Юльяны Пятрэнкі “Харунжы”. Рыхтуецца і зборнік кароткіх тэкстаў, напісаных падчас навучання ў Школе.

Сёлета ж адбыўся і прысвечаны юбілею Уладзіміра Караткевіча Літаратурны Конкурс “Экслібрыс” для маладых літаратараў. Лаўрэатамі сталі Яніна Грыцкевіч, Дар'я Грыненка і Вячаслаў Лявіцкі.

 

2020-ты год стаў адметным і для сацыяльных сетак арганізацыі. Сімвалічнай лічбы ў 5000 тысяч падпісчыкаў дасягнула старонка Саюза ў Facebook, займеўшы немалое кола новых актыўных прыхільнікаў. Таксама ўвосень мы абвесцілі пра сваю прысутнасць і ў Telegram – адной найбольш папулярных і ўплывовых пляцовак у свеце. У 2020-м, нягледзячы на цяжкасці, стабільна выходзілі і радавалі чытача літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў” і штомесячнік “Літаратурная Беларусь”, дадатак да тыднёвіка “Новы Час”. Пасля пратэстных падзей і масавых рэпрэсій мірных дэманстрантаў выйшлі тры спецвыпускі "Літаратурнай Беларусі" – з адмысловымі тэматычнымі тэкстамі пра беларускія нацыянальныя сімвалы і творамі з мастацка-дакументальным асэнсаваннем трагічных падзей краіны. З друкаваных выданняў пад эгідай СБП выйшлі абласныя альманахі рэгіянальных суполак літаратараў: “Жырандоля”, “Брама”, “Новы замак”.

 

Следам за развіццём сацыяльных сетак мы нарэшце значна больш увагі сталі аддаваць нашаму Youtube-каналу. З верасня 2020 году Саюз беларускіх пісьменнікаў запусціў абсалютна новы праект -- цыкл літаратурных гутарак “Кантэкст”.

Праект ставіць перад сабой адразу некалькі амбітных задачаў: рэалізаваць права творцаў на сустрэчы з чытачом у сітуацыі жорсткага ідэалагічнага і цэнзурнага прэсінгу, папулярызаваць беларускую літаратуру ў як мага больш шырокіх колах грамадства, а таксама стварыць архіў жывой літаратурнай спадчыны, якую ігнаруе афіцыйная культура. “Кантэкст” стаў таксама і адказам на выклік надзвычайнай сітуацыі з падэміяй, якая не дазваляе ўжывую сустракацца аўтарам і прыхільнікам іх творчасці. Да канца года выйшлі перадачы з удзелам Віталя Рыжкова, Валянціны Аксак, Ганны Комар, Дзмітрыя Строцава, Змітра Бартосіка, Насты Кудасавай, Адама Глобуса, Васіля Жуковіча, Іллі Сіна, Уладзіміра Някляева, Веры Бурлак (Жыбуль). У новым мультымедыя-фармаце мы адзначылі і 90-годдзе Уладзімера Караткевіча, падрыхтаваўшы размясціўшы на сайце і ў сацсетках разнастайныя тэматычныя матэрыялы: архіўныя дакументы, новыя песні на вершы пісьменніка і зварот Уладзіміра Арлова на нашым Youtube-канале.

 

Сёлета ў лепшы свет адышлі літаратары Юрка Голуб, Эдуард Дубянецкі, Барыс Клейн, Міхась Міцкевіч, Алесь Стадуб, Павел Сцяцко, Дзмітры Шатыловіч, Віктар Швед. Светлая памяць пра іх заўсёды будзе з намі.

У 2020 годзе шэрагі нашай творчай арганізацыі папоўнілі: Мікола Гілевіч, Андрэй Вашкевіч, Вінцук Вячорка, Алесь Кіркевіч, Ганна Комар, Мікалай Мароз, Галіна Сіўчанка, Алесь Смалянчук, Людміла Шчэрба.

Віншуем усіх сяброў СБП з Калядамі і надыходзячым Новым годам. Няхай ўсё кепскае застанецца ў мінулым годзе, а новы прынясе доўгачаканую Перамогу і такую патрэбную нам усім Свабоду.




Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў