2020: шыльда Васілю Быкаву і перапахаванне Змітрака Бядулі

— Спадзяемся, мемарыяльная шыльда Быкаву адкрыецца ўжо на Дзень роднай мовы – 21 лютага. Прынамсі, да гэтага прыкладаем намаганні, хаця даты пакуль яшчэ недакладныя,— расказаў "Камсамольскай праўдзе" прэзідэнт дабрачыннага Фонду Марыі Магдалены Радзівіл і кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі Аляксандр Сапега. — Ідэя прагучала на кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў. Міністр Уладзімір Макей адразу падтрымаў ідэю, а супрацоўнікі МЗС дапамагалі атрымаць дазвол на ўсталяванне шыльды. Над праектам папрацавалі таксама ў Мінгарвыканкаме і ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Адрас прапіскі будучай мемарыяльнай шыльды — вул. Максіма Танка, 10, дзе жыў Васіль Быкаў.

Таксама Аляксандр Сапега распавёў і пра перапахаванне Змітрака Бядулі. Гэтая тэма не раз абмяркоўвалася ў Беларусі. Пісьменнік памёр у 1941-м у эвакуацыі ў Казахстан. У студзені 2020 плануецца правесці эксгумацыю яго астанкаў ва Уральску (Казахстан).

— Ужо ёсць згода ад акімата горада. Цяпер вырашаюцца пытанні па перавозе парэшткаў Бядулі і іх перапахаванні ў Мінску. Спадзяюся, што зімой-вясной гэтая падзея адбудзецца, — кажа спадар Сапега.



Будзьма беларусамі!