60 год літаратурнаму аб'яднанню "Белавежа"!

ІІ з'езд Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа". 1960 год. Фота: "Літаратурнае аб'яднанне "Белавежа": 1958-2003 гг. у фатаграфіі"

Дарагія сябры літаратурнага аб’яднання “Белавежа”!

Шчыра віншуем з 60-годдзем вашай творчай арганізацыі!

Каб сцвердзіць уласную прысутнасць, заявіць пра сябе urbi et orbі, 8 чэрвеня 1958 года беларускія літаратары Беласточчыны сабраліся разам у рэдакцыі газеты “Ніва”. Гэтая звязанасць у адно, лучнасць ідэалаў, заўсёдная повязь з роднай беларускай мовай, з літаратарамі Мінска, Гародні, Берасця, Полацка, а таксама значна лепшая, чым у тагачаснай БССР, сітуацыя са свабодай слова дазволіла вашай арганізацыі трывала замацавацца ў гісторыі беларускай культуры. Аб’яднанне літаратараў Беласточчыны несла за мяжу, на тэрыторыю Савецкага Саюза, праўдзіва беларускі погляд на свет, друкуючы тэксты, якія не маглі быць апублікаваныя ў падцэнзурным друку БССР. Ваша кніжная серыя “Бібліятэчка аб'яднання “Белавежа”, дзе выйшлі многія дзясяткі выдатных кніг, стала карыстаецца ўвагай аматараў беларускай літаратуры.

Як і цяпер, так і тады, 60 год таму, у вашае аб’яднанне ўваходзяць пісьменнікі самых розных пакаленняў, многія з якіх з’яўляцца сябрамі і ганаровымі сябрамі нашага Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сярод заснавальнікаў “Белавежы” былі і дзеячы заходнебеларускага вызвольнага руху, і зусім маладыя людзі. Пераемнасцю традыцый і павагай да мінулага прасякнуты і выдатны літаратурны часопіс вашай арганізацыі “Тэрмапілы”, які сёлета таксама святкуе свой юбілей – 20 год з дня выхаду першага нумару.

Рада грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” шчыра віншуе вас, дарагія калегі, з гэтым агульным святам беларускай культуры – 60-годдзем “Белавежы”, і зычыць творчага натхнення для далейшай плённай працы на карысць нашай роднай Бацькаўшчыны.

Валянціна Аксак, Святлана Алексіевіч, Мікола Аляхновіч, Уладзімір Арлоў, Ірына Багдановіч, Раіса Баравікова, Анатоль Бароўскі, Алена Брава, Пятро Васючэнка, Анатоль Вярцінскі, Юрка Голуб, Леанід Дайнека, Генрых Далідовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Валянцін Дубатоўка, Галіна Дубянецкая, Алесь Жук, Васіль Жуковіч, Віктар Жыбуль, Сяргей Законнікаў, Васіль Зуёнак, Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Галіна Каржанеўская, Максім Клімковіч, Анастасія Лазебная, Уладзімір Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч (Сачанка), Вячаслаў Рагойша, Уладзімір Сіўчыкаў, Міхась Скобла, Аксана Спрынчан, Усевалад Сцебурака, Андрэй Федарэнка, Андрэй Хадановіч, Антаніна Хатэнка, Кастусь Цвірка, Мікола Яцкоў.



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"