83-гадовага Яна Грыба аштрафавалі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі

Кастрычніцкі суд Мінска 15 студзеня аштрафаваў на 810 рублёў 83-гадовага Яна Грыба за ўдзел у пратэстах супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, перадае Радыё Свабода.

Паводле міліцыянта, Грыб удзельнічаў у акцыі 21 студзеня і з'явіўся на Кастрычніцкай плошчы а 14.00. Грыб сцвярджаў, што прыехаў на Кастрычніцкую плошчу а 16.00, каб сустрэцца з Паўлам Севярынцам. У той час пратэстоўцы ўжо разыходзіліся, піша «Прававая ініцыятыва».
На судзе Грыб сказаў, што суды над удзельнікамі акцый за незалежнасць нагадваюць яму трыццатыя гады, і цяпер судзяць усіх людзей, якім неабыякавая Беларусь.

Яна Грыба часта можна пабачыць на апазіцыйных акцыях у Мінску.

25 сакавіка 2017 года фота з гвалтоўным затрыманнем 80-гадовага ўдзельніка мірнай акцый на Дзень Волі ў Мінску абляцелі сусветныя медыя. Грыба намінавалі на атрыманне памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча.


Спіс пісьменнікаў і журналістаў, асуджаных за акцыі ў абарону незалежнасці


Грыб Ян (Грыб Іван Іванавіч) нар. 21.11.1936 г. у в. Пагарэльцы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Скончыў пагарэльскую сямігодку, рамесную вучэльню г. Чалябінска, БДУ. У 1956-57 гг.— курсант, пілот вучэбна-трэніровачнага авіяцыйнага палка. Працаваў на аб’яднанні “Інтэграл”, ПТВ “Электроніка”, займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю. З дня утварэння ТБМ — старшыня Рады ТБМ Кастрычніцкага р-на г. Мінск. Друкаваўся ў перыёдыцы, у 2005 г. выдаў зборнік вершаў “На сваёй зямлі”. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.


Новы Час