Абдылося сакавіцкае пасяджэнне Рады СБП

 11 сакавіка прайшло чарговае пасяджэнне Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў. На парадку дня былі наступныя пытанні: прыём у Саюз новых сяброў, якія прайшлі прыёмную камісію; справаздача старшыні аб праведзенай рабоце; аб старшыні рэвізійнай камісіі; рознае.

Сярод асноўных мерапрыемстваў, праведзеных Сакратарыятам СБП за апошнія чатыры месяцы, у арганізацыйным кірунку сталі:
- дапамога ў правядзенні выступленняў членаў СБП як арганізацыі-сузаснавальніцы грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў Мінску і рэгіёнах Беларусі (97 сустрэч-паездак);
- кропкавыя акцыі ў падтрымку арыштаваных 19 снежня 2010 г. пісьменнікаў (арганізацыя і публікацыі ў СМІ, інтэрнэт-рэсурсах і ў недзяржаўных СМІ);
- удзел у справаздачна-выбарным сходзе Брэсцкага абласнога аддзялення. Вечарына з нагоды 30-годдзя  аддзялення і прэзентацыя альманаха “Жырандоль” (№3);
- аб’яўленне і правядзенне грамадскай акцыі “Дапаможам музею Быкава ў Вялікай Севярынцы (Україна)” (метадычная, навукова-тэматычная дапамога ў стварэнні пры музеі “беларусазнаўчага кутка”, перапіска са школьнікамі, збор кніг);
- арганізацыя і правядзенне грамадска-культурніцкіх мерапрыемстваў і публікацый у СМІ з нагоды наступных юбілеяў пісьменнікаў: 90-годдзя І.Мележа і І.Шамякіна, а таксама юбілеяў Т.Шаўчэнкі і Л.Украінкі (Мінск, Брэст);
- літаратурныя конкурсы і семінары:
а) заснаванне літаратурнай прэміі імя М.Багдановіча “Дэбют” – у намінацыях паэзія, проза і пераклад (супольна з ПЭН-цэнтрам);
б) правядзенне конкурса на лепшую другую кнігу (пераможца атрымлівае магчымасць выдаць яе бясплатна) і інш.
в) правядзенне семінара “Жанчына ў сучасным грамадстве”, прысвечанага гендэрнай праблематыцы.

У кірунку міжнароднай дзейнасці на пасяджэнні Рады быў адзначаны
ўдзел СБП у працы Еўрапейскай пісьменніцкай Рады (у траўні 2011 г. адбудзецца Агульнаеўрапейскі кагрэс), а таксама ўдзел у працы Балтыйскага пісьменніцкага саюза (у красавіку 2011 г. запланавана асамблея гэтай пісьменніцкай арганізацыі).

Асноўнымі здабыткамі выдавецка-папулярызатарскай працы СБП сталі:
- перыядычная падрыхтоўка і выданне незалежнага дадатка СБП “Літаратурная Беларусь” у газеце “Новы час” (1 раз на месяц, тыраж 7 000 экз.);
- перыядычная падрыхтоўка, выданне і распаўсюд (папяровая версія і электронная) супольна з ЗБС “Бацькаўшчына” рэкламнага бюлетэня “Кніганоша” (змяшчае анонсы кніг незалежных выдавецтваў, інтэрв’ю з пісьменнікамі, водгукі і рэцэнзіі на літвыданні);
- выдадзенне чарговага альманаха Брэсцкага абласнога аддзялення СБП “Жырандоля-3” (пры падтрымцы Сакратарыята СБП).

Падрыхтаваныя і здадзеныя ў друк:
-    чарговая кніга прозы і эсэ Альбіны Сямёнавай / серыя СБП “Кнігарня пісьменніка”;
-    кніга прозы Лявона Вольскага “Міларусь” / серыя СБП “Кнігарня пісьменніка” (супольна з ЗБС “Бацькаўшчына”);
-    кніга перакладаў Э. По / серыя СБП “Кнігарня пісьменніка” (група маладых беларускіх перакладчыкаў);
-    кніга-альбом пра Барыса Кіта (супольна з ЗБС “Бацькаўшчына”).

Акрамя таго, працягваецца штодзённае інфармацыйнае напаўненне сайта СБП lit-bel.org, абноўлены ды рыхтуецца да друку тэлефонны даведнік “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, заканчваецца падрыхтоўка да друку чарговых тамоў Поўнага збору твораў  Васіля Быкава (9 і 10 тамы).

На пасяджэнні сакавіцкай Рады СБП шэрагі старэйшай творчай арганізацыі Беларусі папоўніліся пяццю літаратарамі. Імі сталі: Інеса Багдзевіч (Сваток), Павал Касцюкевіч, Паліна Качаткова (Сцепаненка), Уладзімір Марудаў, Сяргей Пятроў.
    
Рада СБП адзінагалосна прапанавала рэкамендаваць беларускага пісьменніка Уладзіміра Някляева на прысуджэнне Нобелеўскай прэміі, а таксама ў чарговы раз выказала падтрымку двум іншым зняволеным літаратарам: Аляксандру Фядуту і Паўлу Севярынцу.

Рада СБП, разгледзеўшы інфармацыю аб паклёпніцкай дзейнасці Васіля Якавенкі ў адносінах да кіраўніцтва творчага саюза (артыкул “Дзе схаваны д’ябал…”: “ЛіМ”, 25 снежня 2010 г.), рэкамендавала Рэвізійнай камісіі пераабраць яго з пасады старшыні РК (у адваротным выпадку Рада пакідае за сабой права на сваім чарговым пасяджэнні выключыць яго з шэрагаў СБП). Раней на сумесным пасяджэнні Рэвізійнай камісіі і Сакратарыята СБП факты, выкладзеныя ў вышэйзгаданым артыкуле, былі прызнаны не адпавядаючымі рэчаіснасці, а сам артыкул – неканструктыўным і скіраваным на дыскрэдытацыю старэйшай творчай арганізацыі краіны.

Сакавіцкая Рада абмеркавала і пытанні, звязаныя з заканчэннем ліквідацыі Беллітфонда і планаваннем чарговага справаздачна-выбарнага З’езда Саюза беларускіх пісьменнікаў (мяркуецца, што ён пройдзе восенню гэтага года).


Прэс-служба СБП