Абвешчанае журы прэміі «Дэбют»
“Дэбют” ушаноўвае маладых аўтараў, што пішуць у жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч, і ўручаецца ў намінацыях “Проза”, “Паэзія”, “Мастацкі пераклад”.
Арганізатары прэміі -- ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і Беларускі ПЭН-цэнтр.
Сёлета ў журы ўвайшлі:
Павал Бераговіч — старшыня фонду “Вяртанне”, фундатар прэміі;
Уладзь Лянкевіч — паэт, перакладчык, музыка, лаўрэат прэміі “Дэбют” у 2013 годзе;
Віктар Марціновіч — пісьменнік, мастацтвазнаўца, лаўрэат прэміі “Дэбют” у 2011 годзе;
Юлія Мацук — загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча;
Антон Рудак — паэт, фіналіст прэміі “Дэбют” у 2014 годзе;
Віталь Рыжкоў — паэт, перакладчык, лаўрэат прэміі “Дэбют” у 2010 годзе;
Наталка Харытанюк — празаік, эсэістка, лаўрэатка прэміі “Дэбют” у 2010 годзе.
Пераможцы прэміі ў кожнай з намінацыяў атрымаюць чэк ад Фонду “Вяртанне” на суму, эквівалентную 2000$ паводле курсу Нацыянальнага банка РБ. Аўтары, чые кнігі зоймуць другое і трэцяе месцы ў сваіх намінацыях, атрымаюць узнагароды, эквівалентныя 500$ паводле курсу Нацыянальнага банка РБ.
Для ўдзелу ў конкурсе трэба да 31 студзеня 2016 года запоўніць форму на сайце. Таксама заяўку можна накіраваць на электронную скрыню ці на паштовы адрас: 220005, Мінск, вул. Залатая Горка, 2-101. Да заяўкі трэба далучыць электронную версію кнігі, а таксама перадаць на офіс Беларускага ПЭН-цэнтра (Мінск, вул. Залатая Горка, 2-101) 2 асобнікі кнігі.
Паводле арганізатараў