Абвешчаны фіналісты нямецкай кніжнай прэміі

Арганізатары Нямецкай кніжнай прэміі (Deutsche Buchpreis) абвясцілі шорт-ліст, у які ўвайшло шэсць аўтараў: Мірка Боне (“Ноч ніколі не прыйдзе”), Райнхард Іргль (“Нічога пасля цябе на Зямлі”), Клеменс Маер (“У камені”), Тэрэзія Мора (“Монстр”), Марыён Пошман (“Становішча сонца”), Моніка Зайнер (“Зоркі сышліся над Кома”). 

Мірка Боне вядомы як перакладчык паэзіі Кітса і Ейтса і ўжо апублікаваў некалькі раманаў і зборнікаў паэзіі. Яго раман “Калі мы знікаем” увайшоў у лонг-ліст Нямецкай кніжнай прэміі ў 2009 годзе. “Часопіс папрасіў мастака Маркуса Лі намаляваць масты ў Нармандыі для ілюстрацыі матэрыялу аб высадцы саюзніцкіх войскаў у 1944 годзе. Ён выпраўляецца ў паездку, захапіўшы з сабой 15-гадовага пляменніка, які цяжка перажывае смерць маці, што ўчыніла суіцыд. Паездка, якая мусіла заняць тыдзень, расцягваецца на месяц і цалкам змяняе ход жыцця Маркуса і астатніх”, — апісвае раман “Ноч ніколі не прыйдзе” выдавецтва Schöffling. 

Райнхард Іргль у сваёй кнізе апісаў будучыню чалавецтва, якое вычарпала запасы Зямлі і вымушанае шукаць новыя светы, прыдатныя для засялення. У ХХIII стагоддзі людзі масава эвакуююцца на Марс і на Месяц, але да XXV стагоддзя жыццё на Марсе аказваецца занадта варожым для чалавечай цывілізацыі, і марсіяне вымушаныя вярнуцца на Зямлю, каб каланізаваць яе зноў. Аўтар рамана “Нічога пасля цябе на Зямлі” нарадзіўся і жыве ў Берліне, яго літаратурныя творы атрымалі шматлікія ўзнагароды, у тым ліку прэмію Георга Бюхнера. 

Клеменс Маер называе свае творы “літаратурай, якая робіць балюча”. У рамане “У камені” ён апісвае свет прастытутак і сутэнёраў і складаныя любоўныя інтрыгі ў гэтым свеце. Маер — малады пісьменнік, які ўжо дамогся поспеху. Яго першая кніга “Пакуль мы марылі”, выпушчаная ў 2006 годзе, мела велізарны поспех, а зборнік апавяданняў “Ноч , агні” здабыў прыз Ляйпцыгскага кніжнага кірмашу ў 2008 годзе. 

Tерэзія Мора ў рамане “Монстр” апісвае гісторыю IT-спецыяліста, які страціў спачатку працу, затым жонку і выправіўся ў падарожжа на радзіму жонкі ў Венгрыю, чытаючы яе таемны дзённік, знойдзены пасля яе смерці. Пісьменніца сама родам з Венгрыі, але з 1990 году жыве ў Берліне і працуе перакладчыкам. Яе першы раман здабыў некалькі прызоў і перакладзены на 16 моваў. 

Марыён Пошман напісала раман пра сучасную Германію, дзе ўсё яшчэ жывыя цені ваеннага мінулага. Галоўны герой “Становішча сонца” ўладкоўваецца на працу ў псіхіятрычную клініку і лічыць, што ён мусіць быць для тамтэйшых хворых промнем сонца і надзеі. Паступова збліжаючыся з пацыентамі , ён пакутуе ад успамінаў пра ўласную сямейную гісторыю. 

Моніка Зайнер у рамане “Зоркі сышліся над Кома” апісала гісторыю джазавага піяніста, які пасля разыходжання з жонкай едзе ў канцэртны тур па Італіі. У канцы паездкі ён спадзяецца сустрэцца са сваёй юнацкай любоўю, Бэці Моргенталь, і зразумець прычыны трагічнай смерці свайго найлепшага сябра Марка. Пісьменніца жыве ў Берліне і абараніла доктарскую дысертацыю на тэму кахання і меланхоліі ў сярэднія вякі. Яна таксама вакалістка і аўтарка песняў італьянскага гурта Marinafon. 

Раман нямецкага пісьменніка Ральфа Дутлі, прысвечаны жыццю французска-беларуска-габрэйскага мастака Хаіма Суціна “Апошняя вандроўка Суціна”, з доўгага спіса прэміі ў кароткі не трапіў. 

Нямецкая кніжная прэмія традыцыйна ўручаецца ўвечары напярэдадні адкрыцця штогадовага Франкфурцкага кніжнага кірмашу. Яна была заснаваная ў 2005 годзе, каб лепш азнаёміць сусветнага чытача з нямецкамоўнай літаратурай.

ПрайдзіСвет