Абвешчаны конкурс "Народная рэцэнзія"

Газета “Новы час”, імкнучыся наладзіць грамадскае абмеркаванне  вынікаў Літаратурнай прэміі Гедройца, абвяшчае конкурс “НАРОДНАЯ РЭЦЭНЗІЯ”. Пераможцы стануць вядомыя 28 лютага.

“Народная рэцэнзія”: атрымай малескін за найлепшы водгук на кнігу фіналіста прэміі Гедройца!

 Што трэба зрабіць, каб перамагчы ў конкурсе?

 Па-першае, прачытаць адну з 6 кніг, якія трапілі ў шорт-ліст прэміі Гедройца:

 http://gedroyc.by/

Па-другое, напісаць пра яе тэкст вольнага жанру: водгук, рэцэнзію, міні-эсэ (ад 500 да 5000 знакаў).

Па-трэцяе, да 23:00 25 лютага апублікаваць тэкст на старонцы НЧ  ў фэйсбуку (або змясціць там лінк на знешні рэсурс — персанальны блог або сайт).

Адрас старонкі:

http://www.facebook.com/novychas

Да разгляду прымаюцца:

  • тэксты пра творчасць, а не пра асобу аўтара;
  • тэксты на беларускай або рускай мовах.

Можна дасылаць тэксты, якія з’явіліся раней, чым быў абвешчаны конкурс. Не важна, спадабалася вам кніга ці не: ацэньваем ваш талент, а не талент аўтара кнігі.

Да разгляду не прымаюцца: 

  • тэксты, якія змяшчаюць абразы гонару і годнасці, ненарматыўную лексіку;
  • ананімныя тэксты;
  • тэксты, якія друкаваліся ў СМІ.

Рэдакцыя “Новага часу” ўручыць два прызы.

Адзін — глядацкіх сімпатыяў — за тэкст, які збярэ больш “лайкаў”.

Другі прыз ад запрошанага журы, у якое ўвойдуць літаратурныя крытыкі Ганна Янкута, Маргарыта Аляшкевіч, рэдактар аддзелу крытыкі часопіса “Дзеяслоў” Анатоль Івашчанка, кіраўнік літсуполкі “Літо-Беларусь” Георгі Барташ, шэф-рэдактар газеты “Новы час” Аляксей Кароль.

 

Самыя ўдалыя водгукі будуць надрукаваныя ў “Новым часе” і штомесячным дадатку “Літаратурная Беларусь”.


novychas.info