Абвешчаны новы сезон «Кнігі году»

Прэмія будзе прысуджацца за найлепшую кнігу, выдадзеную ў 2015 годзе. На выбар кнігі-пераможцы можа паўплываць кожны сябар журы, а па сутнасці – любы беларускі літаратар.



У журы прэміі “Кніга году” можа ўвайсці любы пісьменнік, які цягам апошніх сямі гадоў выдаў хаця б адну мастацкую або нон-фікшн кнігу. Ацэнкі літаратараў, якія ўвайдуць у журы, будуць складзеныя; пераможца вызначыцца арыфметычным чынам.

Сёлета прэмія “Кніга году” будзе ўручацца адной кнізе незалежна ад жанру — намінацыі не прадугледжаныя. Для таго, каб увайсці ў журы, трэба да 31 студзеня запоўніць адпаведную форму на сайце kniha.by. Да заяўкі мусяць быць далучаныя выходныя дадзеныя кніг, апублікаваных за апошнія 7 гадоў. Больш падрабязную інфармацыю пра прэмію можна знайсці на сайце kniha.by.

Уручэнне прэміі адбудзецца ў красавіку 2016 года. Папярэднія пераможцы прэміі “Кніга году”: Альгерд Бахарэвіч з кнігай “Дзеці Аліндаркі”, Антон Рудак з кнігай “Верхні горад”, Вольга Гапеева з кнігай “Сумны суп” і Людміла Рублеўская з кнігай “Авантуры студыёзуса Вырвіча” (у 2015 годзе прэмія ўручалася ў трох намінацыях: “Проза”, “Паэзія”, “Дзіцячая літаратура”).

Паводле прэс-рэлізу