Абвесцілі шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца

11 лютага ў
Амбасадзе Рэспублікі Польшча ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды
абвяшчэння шорт-ліста прэміі імя Ежы Гедройца.
На сустрэчы выступілі ганаровы старшыня журы Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра, паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, празаік Барыс Пятровіч.
Напачатку спадар Лешак Шарэпка падкрэсліў, што прэмія мае сваёй галоўнай мэтай ацаніць мастацкую вартасць кніг і падтрымаць сучасную беларускую прозу.
Андрэй Хадановіч, Лешак Шарэпка, Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч падзякаваў за ідэю стварэння прэміі польскаму боку і "Сомбелбанку", распавёў пра тое, як працавала журы. Больш за 40 кніг сёлета былі пададзеныя на прэмію, і выбар для сяброў журы быў няпросты.
Андрэй Хадановіч называе імёны шорт-лістэраў.
Цягам студзеня на сайце прэміі імя Ежы Гедройца былі апублікаваныя рэцэнзіі маладых крытыкаў на 12 кніг, што патрапілі ў лонг-ліст.
Шорт-лістэрамі сталі 6 кніг наступных аўтараў:
Сяргей Балахонаў “Зямля пад крыламі Фенікса”
Альгерд Бахарэвіч “Гамбурскі рахунак Бахарэвіча”
Адам Глобус “Сказы”
Уладзімір Някляеў “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”
Людміла Рублеўская “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”
Юры Станкевіч “Шал”
Віншуем празаікаў, якія ўвайшлі ў кароткі спіс прэміі!
Пераможца будзе абвешчаны 1 сакавіка, у Сусветны дзень пісьменніка.
Прэсавая служба СБП, фота АУ