Ад Марціна Кухты да Кастуся Цвіркі. Да 80-годдзя паэта, пісьменніка і выдаўца

Калі я гляджу на роўны чырвона-залацісты шэраг на сваёй кніжнай паліцы, то абавязкова прыгадваю прозвішча аднаго чалавека. Добрым словам, вядома. Перафразуючы Маякоўскага: “Гавару “Беларускі кнігазбор” – маю на ўвазе Кастуся Цвірку”… Маю на ўвазе заслужана, як і пераважная большасць нашай нацыянальнай інтэлігенцыі.

Адзін пыхліва спехам напіша пра нацыянальнага песняра як пра Каяна Лупаку і, пад хіхіканне хаўруснікаў, будзе даводзіць, што гэта і ёсць найноўшы аб’ектыўны погляд на нашага народнага песняра, а другі тым часам годна выдасць том Янкі Купалы ў залатой серыі “Беларускага кнігазбору” і будзе мець ціхую ўхвалу ў пакаленнях…

Іншы з апломбам змагара два дзесяцігоддзі ўлегцы прабегае з бел-чырвона-белым сцягам і лозунгам “Жыве Беларусь!” (хоць бачна, што яна хворая, знаходзіцца ў крытычным стане і яе трэба лячыць і падымаць на ногі), тады як другі ў гэты час без шуму і гвалту знаходзіць хоць якую магчымасць працаваць на карысць нацыянальнай справы Айчыны…

Зрэшты, і сам Канстанцін Аляксеевіч Цвірка чалавек не апалітычны, больш за тое, заўсёднік пратэстных сходаў, дэманстрацый і мітынгаў. Пра гэта мы маем згадкі як самога Цвіркі, так і іншых людзей… Усе ведаем, што восеньскі мітынг на Дзяды 1988 года быў разагнаны. Кастусь Цвірка таксама быў сярод удзельнікаў тых падзей, і вось як ён тое ўспамінае: “…уздым такі быў! …калі туды ішоў, звярнуў увагу, што на Маскоўскіх могілках вельмі шмат было міліцыянтаў, якія трымалі сабак на павадках. Я гэта заўважыў, хацеў сфатаграфаваць, але мне не далі, міліцыянт засланіў, і так і не сфатаграфаваў. А як ішлі назад, убачыў, як два хлопцы-здаравякі ў цывільнай вопратцы схапілі аднаго з удзельнікаў шэсця, у якога быў магнітафон. Яны – адзін з аднаго боку, другі з другога – хацелі ўжо весці яго ў машыну. А я блізка быў, узяў і штурхануў аднаго з іх у грудзі. Ён адскочыў. А той хлопец з магнітафонам выслізнуў і ўцёк… Я такі, як быў, такі і застаўся. …Разумеў тады і цяпер разумею…”

Агулам жа Канстанцін Аляксеевіч – чалавек арганічны і натуральны, ад мазаля і чарназёму. Пра яго нельга сказаць спрошчана: інтэлігент, нацыяналіст ці патрыёт, бо ў ім закладзена квінтэсенцыя ўсяго беларуска-свядомага з усімі магчымасцямі і наступствамі. Сухарлявы, жылісты, падцягнуты, шчыры, спакойны, руплівы і надзейны… Ну і, безумоўна, – з божым дарам літаратурнага таленту. На такіх наша зямля і трымаецца. Толькі пра іх мала хто калі згадвае. На жаль. У нашай сучаснай літаратуры ведаю трох падобных волатаў: А. Вярцінскага, У. Дамашэвіча і Дз. Бугаёва. К. Цвірка – чацвёрты.

Нарадзіўся ён 28 сакавіка 1934 года ў вёсцы з прыгожай назвай Зялёная Дуброва, як згадвае ён у сваіх “дзённіках”, “невялікай, аднавулічнай вёсачцы на самым ускрайку лясістага Старадарожскага раёна, непадалёку ад вытокаў ракі Арэсы і возера Скачальскага. Гэта – Верхняе Палессе, наша гістарычная Случчына”. Яго бацька быў на фінскай вайне. Пасля вяртання з фронту моцна захварэў і хутка памёр у 1942 годзе ва ўзросце Хрыста. 28-гадовая маці адна гадавала пяцёра дзяцей. Часта з лесу прыходзілі патызаны, дзе быў родны бацькаў брат. Аднойчы фашысты схапілі маці на допыт, але яна цудам выратавалася...

Жылося і выжывалася на жылах. Аднак жа Кастусь скончыў сярэднюю школу ў Старых Дарогах, а пасля і аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Два гады выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Труханавіцкай сярэдняй школе на Капыльшчыне. Працаваў у райгазеце “Рудзенская праўда”, рэдактарам на Беларускім радыё, старшым метадыстам рэспубліканскага Дома народнай творчасці, старшым інспектарам Упраўлення па распаўсюджванні друку Міністэрства сувязі БССР. Скончыўшы аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР быў там навуковым супрацоўнікам (кандыдат гістарычных навук, 1972). З 1981 года працаваў у выдавецтве «Юнацтва», а з 1984-га – рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Полымя». З гэтай пары я ўжо і сам Кастуся Цвірку добра помню і ведаю. Ён выдрукаваў у гэтым салідным выданні маю першую нізку вершаў. Даў, як кажуць, вясковаму электрыку пачувацца “сапраўдным паэтам”.

З 1996 года і да гэтага часу Канстанцін Аляксеевіч – кіраўнік і галоўны рэдактар выдавецтва “Беларускі кнігазбор”.

Такая вось, на першы погляд, звычайная жыццёвая біяграфія.

Біяграфія ж творчая ў гэтага чалавека нашмат глыбейшая і каларытнейшая. Як паэт К. Цвірка пачаў пісаць даволі рана, яшчэ ў старэйшых класах школы. Друкаваўся з сямнаццаці гадоў. А ў дваццаць пяць ужо трымаў у руках свой першы паэтычны зборнік “Такія сэрцы ў нас”. Агулам выдаў каля дзесяці кніжак вершаў.

Будучы чалавекам зямным, нават прыземленым, у добрым сэнсе гэтага слова, К.Цвірка ведае цану рукам і душы. Памятаю, як першы раз прачытаў яго прозвішча на чорнай вокладцы зборніка вершаў “Чарназём”. Надта ж уражвала і пасавала майму вясковаму статусу такая назва. І добра пра гэтую характэрную рысу паэта напісаў калісьці А. Вярцінскі: “Думаю, што справа тут не ў нейкай агульнай ідэалізацыі вёскі, не ў простай паэтызацыі сельскага ўкладу жыцця. Справа ў пошуку жыццёвага ідэалу, сапраўдных жыццёвых каштоўнасцей. (…) Паэт імкнецца дайсці да сутнасці, да ісціны. Яго непакоіць пытанне: як чалавек павінен жыць?” К. Цвірка насамрэч быў тонкім лірыкам, які суперажываў жыццё чалавека і прыроды ва ўсіх іх праявах. Безумоўна, адштурхоўваючыся ад уласнага “я”. Сярод традыцыйнай, ідэйна выверанай па тым часе рыфмаванкі (пра што з сорамам згадвае паэт сёння ў сваіх “вясковых дзённіках”, аддадзім і тут належнае яго шчырасці) у кожным яго зборніку трапляліся і вершы самай высокай пробы. Ну вось як не працытаваць гэтыя строфы з другога зборніка “Бягуць раўчукі” (1962):

 

Звінелі росы на Крушні,

Каровы рыкалі за Талам.

А сцежка, дажджом прыцярушаная,

Конікамі стракатала.

Выходзіла сонца з аблокаў,

Гарэў небасхіл пажарам.

І дзесьці на дне глыбока

Песня ў сэрцы ляжала.

Як цяпер бачыцца, яна (песня) чакала свайго пэўнага часу. Зрэшты, ужо і па тым часе ў паэта з’яўляліся радкі, якія мала хто насмельваўся пісаць. Ну, вось падзівіцеся на гэты ўзор сатырычага ўхілу творчасці і праяўлення грамадзянскай пазіцыі, якія і сёння выглядалі б не менш злабадзённымі (з верша 1965 года):

Ён строгі сабакар, іх гаспадар, –

Заўсёды верным паслухмяным будзь ты.

Штодня кідае ім агрызкі ў дар,

Дае за службу ўсім па цёплай будцы.

Ды як жа за яго ім не брахаць?

За костку – толькі дайся ім у знакі –

Яны любога могуць разарваць…

Ды я іх не віню: яны ж – сабакі.

Не абыходзіў у сваёй творчасці К. Цвірка і гарачую тэму беларускага патрыятызму і нацыянальнага гонару. Гэта было ў сэрцы і з сэрца выплёсквала адрэналін духоўнага супраціву, калі савецкая рэчаіснасць дарэшты пераймала творчы дых:

Дзеці лесу, мы воляй гордыя –

віся, восеньскіх лісцяў рой!

Колькі раз чужацкія орды

край капыцілі пад зарой!

 

Нам багоў сваіх неслі і ёрмы,

ды праз вываратні і равы

гналі прэч іх ад нашых зор мы:

мы – яцвягі,

мы – не рабы!

 

Гэта верш 1978 года. Але ў творчасці паэта ўласна мяне не менш захапляе яго лірыка “чыстай красы”. У тым ліку і любоўная. Бо хіба можна без нейкай патаемнай інтымнасці душы чытаць і ўжывацца ў пачуццёвае трымценне чалавечай істоты, якая апынаецца на вяршыні першароднага духу, не зважаючы на сваю прыродную аголенасць, як тыя Адам і Ева?!

 

Былі тады – ноч,

Ты ў слабенькім паркаліку,

Арэшнік,

Ды я, грэшнік.

А зоркі ўсе стаялі, як адна,

У возеры расчыненым, без дна.

 

Дадам яшчэ, што К. Цвірка пісаў казкі і вершы для дзяцей. Выйшлі чатыры кніжкі.

Нельга прамінуць і адносна нядаўняй празаічнай кніжкі паэта (па натуры ён для мяне ўсё ж паэт) – рамана “Воўчая выспа”, які ўвайшоў і ў кнігазбораўскі том выбраных твораў Кастуся Цвіркі. Фармальна гэта абсалютна самабытны твор нацыянальнай літаратуры, які па-цяперашняму можна аднесці да жанру фэнтэзі (альбо прыгодніцкага рамана), накладзенага на рэалістычны фон арыгінальнага мастацкага выяўлення. <...>

У 1995 годзе з ініцыятывы пісьменьніка Кастуся Цвіркі наша інтэлігенцыя стварыла Міжнародны фонд “Беларускі кнігазбор”. Цвірка быў апантаны марай выдаць усё найлепшае з нацыянальнай літаратуры цягам усёй яе гісторыі. З 1996 года пачалі з’яўляцца ў свет першыя тамы “залатой серыі” выдавецтва “Беларускі кнігазбор”, заснаванага К. Цвіркам і Г. Вінярскім (першы том – творы Яна Чачота).

Залатая скарбніца беларускага пісьменства, на думку заснавальнікаў, павінна была змясціцца ў 200 тамах… Увесь план-каталог быў папярэдне падзелены на тры падсерыі: мастацкая літаратура, гістарычна-літаратурная і пераклады замежнай класікі. Агулам пабачыла свет ужо каля сямідзесяці тамоў. Тут спадар Цвірка – і галоўны рэдактар, і складальнік, а пры вострай неабходнасці – і “майстар на ўсе рукі”… За тое і павага ўсеагульная. Не сакрэт, на пачатку плён працы даваўся вельмі цяжка. Да прыкладу, планавалася на год па дзясятку кніг, а ўдавалася выдаваць два-тры тамы. Не так проста было сабраць і падрыхтаваць арыгінальнае выданне па амаль акадэмічных канонах. Але вера ў сваю ідэю, упартасць і паўсядзённыя намаганні, у рэшце рэшт, прыносілі свае плады. Тым больш, што колішняяя праца ў Інстытуце астацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору заклалі добры прафесійны падмурак для падобнае працы.

Як прыпамінае К. Цвірка: “Пачыналі мы з нуля, ніякіх сродкаў не было. Але была вера і жаданне вялікае. І гэта намі рухала. (…)Каб былі сродкі, дык справа нашая пайшла б вельмі шпарка, і каб была падтрымка дзяржавы. Дзяржаўнае падтрымкі ў нас няма. (…)Мы павінны намаляваць гэтым кнігазборам праўдзівую гісторыю літаратуры, і будзем даваць гэтыя тэксты так, як яны напісаныя, без ніякіх купюраў, будзем даваць усё найлепшае, нягледзячы на розныя палітычныя меркаванні, будзем даваць толькі аб’ектыўную карціну нашай літаратуры. (…)Я думаю, гэта вельмі важна, каб даваць не толькі класікаў, пісьменнікаў, якія даўно ці нядаўна адышлі ад нас, але і тых сучасных пісьменнікаў, якія ўжо паказалі сябе ў літаратуры”. Мяркую, большасць чытаючых беларусаў пагодзіцца і з вядомым грамадскім дзеячам, бібліяфілам і філолагам А. Фядутам: “Тое, што зрабіў Цвірка як асветнік, тое, што ён пачаў выдаваць гэтую серыю – гэта быў першы крок, каб мы ўсвядомілі, што мы насамрэч маем за літаратурную спадчыну. “Беларускі кнігазбор” – гэта спроба зрабіць узорную літаратурную серыю. І дзякуй спадару Цвірку, што ён такое прыдумаў”. Што і казаць, такія людзі, як Кастусь Цвірка, выклікаюць вялікую людскую павагу.

Можа, грэх казаць, тым больш мне, былому алкаголіку, а то яшчэ хто і за рэкламу прыме, але не магу сябе стрымаць, каб не ўспоміць колішняе сваё маладое. Недзе на пачатку 70-х, калі я працаваў электрыкам у Слуцкіх раённых электрасетках, нярэдка брыгадай, вяртаючыся на машыне з абходу ліній, заварочвалі мы ў бліжэйшую прылесную вёску на Старадарожчыне, каб купіць там пляшку не якой-небудзь таннай сівухі, а чыста хлебнай – 70-ціградуснай! – самагонкі. На ёй не было ніякага асаблівага знаку якасці, апроч райгазетнага корка, – знак якасці быў у ёй самой. Тое ведаюць да гэтай пары пітушчыя людзі ці не па ўсёй Беларусі, а то і далей. Прабачаюся, але нават такім грэшным прыкладам я хачу падкрэсліць, што прырода і людзі на старадарожчыне адзначаныя высокай непадробнай метай. Сярод іх і Кастусь Цвірка.

Сам жа ён кажа, што, каб зрэалізаваць задуманы кнігазбораўскі двухсоттомнік, “запланаваў сабе яшчэ пяцьдзясят гадоў жыцця”. І жартуе, што пры сваім цяперашнім узросце “нават цешыцца з такой перспектывы”.

Ай ды Цвірка, ай ды малайчына! Хутчэй за ўсё, нават тады, калі многіх з нас забудуць, яшчэ доўга будуць згадваць імя пачынальніка залатога “Беларускага кнігазбору”, а шмат каму, асабліва з сучасных беларускіх паэтаў, пэўна, хацелася б яшчэ пры сваім жыцці сказаць, перафразуючы вядомыя радкі Масіма-кніжніка, прыкладна так:

 

Ў краіне роднай, дзе дажываю,

дзе зніч свабоды пакуль не зыркі,

я не самотны, я кнігу маю

з дазволу дзядзькі Костуся Цвіркі…

 

Леанід Галубовіч

Фота Глеба Лабадзенкі 

Цалкам чытайце артыкул у часопісе "Дзеяслоў" № 69, які неўзабаве пабачыць свет.

Прэсавая служба СБП