Ад Жадана да Чэстэртана – адзін крок, або ў Мінску ўганаравалі найлепшых перакладчыкаў
Сёлета ў шорт-ліст увайшлі 17 перакладчыкаў. Пераможцамі сталі: у прозе Сяргей Шупа за пераклад кнігі Міленкі Ергавіча "Іншала, Мадона, іншала"; у паэзіі Лявон Баршчэўскі за перастварэнне “Медэі” Еўрыпіда. Лепшай публікацыяй у “ПрайдзіСвеце” названы пераклад Аляксея Жбанава "Мадэмуазэль дэ Скюдэры" Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана.
Глядацкая заля
Вядучы вечарыны, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч адзначыў, што ў склад журы прэміі ўвайшлі Антон Францішак Брыль, Ян Максімюк, Марыя Мартысевіч, Барыс Пятровіч, Сяргей Сматрычэнка, Аляксандр Фядута, Ганна Янкута.
Альгерд Бахарэвіч
На століку побач з вядучым зручна размясціліся памятныя прызы для пераможцаў – тры сімпатычныя лялькі ручной работы, адмыслова зробленыя для прэміі. Аўтары лялек: Яна Піліпчык, Лізавета Лянкевіч, Наста Варановіч.
Адзін за адным намінанты выходзілі да гледачоў, каб прадставіць перакладзеныя імі творы, зачытаць урыўкі з іх, а таксама адказаць на жартоўныя пытанні вядучага, тым самым павесяліўшы публіку і саміх сябе. Не менш запамінальнымі былі і конкурсы, што праводзіліся паміж выступамі, і гітарныя імправізацыі Пятра Марчанкі.
Пятро Марчанка
Як зазначыў пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, з кожным годам шорт-ліст прэміі становіцца ўсё больш доўгім, і гэта выдатна, што ўсё больш твораў перакладаюцца на беларускую мову і заслугоўваюць самай высокай ацэнкі чытачоў і крытыкаў.
Барыс Пятровіч дастаў з канверта імя пераможцы ў намінацыі "Проза"
Прэмію за Сяргея Шупу, які не змог прыйсці на ўзнагароджанне, атрымала яго маці Ніна Васільеўна.
З перакладамі прозы выступілі Святлана Богуш, Павел Рааго, Алег Жлутка, Марына Шода, Марыя Пушкіна.
Святлана Богуш, Алег Жлутка
Павел Рааго
Марына Шода, Марыя Пушкіна
Андрэй Хадановіч не толькі прачытаў пераклады, але і заспяваў.
Імя пераможцы ў намінацыі "Паэзія" назвала перакладчык і паэт Марыя Мартысевіч (на фота - з кветкамі)
Перакладчык Ганна Янкута адкрыла канверт з імем пераможцы ў намінацыі "ПрайдзіСвет"
Аксана Данільчык прадставіла свае паэтычныя пераклады з італьянскай мовы, Павел Донаў зачытаў фрагмент з апавядання Чэстэртана, якое ўвайшло ў нядаўна выдадзены дэтэктыўны зборнік “Злачынства, сэр!”. Выступілі таксама Марына Кажарновіч, Марына Казлоўская і Святлана Рогач.
Аксана Данільчык, Марына Казлоўская
Святлана Рогач, Павел Донаў
На жаль, пераможцы ва ўсіх трох намінацыях не змаглі прысутнічаць на вечарыне і былі ўганараваныя завочна.
Тэкст ВТ, фота Алены Казловай
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"