Ад світанка да «Адвячорка»

Хрысціна Аляксееўна з тых, хто шмат часу і працы аддае дзеля грамадскай і духоўнай справы і , на жаль, не так часта выходзіць на публіку з уласнымі творамі і выданнямі. Пачынала яна з вершаў, але першыя яе заўважныя і выдрукаваныя творы былі празаічнымі. Гэтаму далі штуршок такія знаныя мэтры нацыянальнай літаратуры як Ян Скрыган і Янка Брыль. Дэбютная кніжка прозы Х. Лялько “Дарога пад гару” выйшла ў свет у 1985 годзе. І адразу ж была ўганаравана тадышняй прэміяй рэспубліканскага камсамола. У 1989 годзе пабачыла свет больш аб’ёмная кніжка “Світанак над бярозамі”.

Агулам пісьменніца набірала творчую  і мастацкую сілу. Аднак перабудова ў грамадстве і абвяшчэнне суверэнітэту змусіла Хрысціну Лялько глыбей прысвяціць сваё жыццё духоўнай працы. Каталічка па веравызнанні, яна ўзначаліла рэдакцыю новастворанага часопіса “Наша вера”. Нямала беларускіх літаратараў мелі гонар друкаваць там свае тэксты. Неўзабаве паўстала і выдавецтва “Про Хрысто” і каталіцкі часопіс “Аve Maria”, дзе Хрысціна Аляксееўна займела дадатковы духоўны клопат. Тут да яе і вярнулася настальгія па паэзіі. У 2006 годзе яна выдала зборнік вершаў “На далонях любові”, які займеў даволі шырокі розгалас у чытацкіх колах. Пасля была, і застаецца па сёння, карпатлівая перакладчыцкая праца. Плён яе відочны і адчувальны. Сумесна з Д. Бічэль яна перакла і выдала гожы том паэзіі польскага ксяндза і паэта Яна Твардоўскага пад назвай “Разам з Табою” (2012), а нядаўна перастварыла і выпусціла ў беларускі свет “Дзённік” святой сястры Фаўстыны Кавальскай ды шмат энцыклік і паасобных духоўных зборнікаў каталіцкай царквы.

Ці не праўда, маючы такі важкі творчы набытак, не сорамна сустрэцца і са сваімі чытачамі-прыхільнікамі, калегамі і таварышамі, каб выслухаць словы ўдзячнасці і павагі, а таксама і самой, не хаваючы душэўнай узрушанасці, адказаць ім на тое натхнёнымі словамі новых уласных твораў. Музыка і паэзія панавалі ў шматлюднай зале музея ажно дзве з паловай гадзіны. Трэба адзначыць, што такую людна-жывую і цёпла-камерную імпрэзу Хрысціне Лялько дапамаглі зладзіць сурацоўніцы музея гісторыі беларускай літаратуры. 

Васіль Зуёнак

Кастусь Цвірка

Леанід Галубовіч, фота Ксеніі Галубовіч