Адам Глобус: "Літаратура – гэта не спорт, дзе хтосьці скокнуў вышэй ці прабег хутчэй"

У галерэі «Ў» 15 кастрычніка адбылася прэзентацыя новай кнігі вядомага беларускага пісьменніка, які піша пад псеўданімам Адам Глобус, «Казкі пра дарослых».

EJ.BY скарыстаўся нагодай і паразмаўляў з ім пра месца сучаснай беларускай літаратуры ў сусветнай прасторы.

Чытайце ў нашым інтэрв’ю, чаму руская літаратура страціла ўсе пазіцыі, што замінае нашым літаратарам стаць сусветна вядомымі, як пішацца сучасны шведскі раман, чаму Святлана Алексіевіч не беларуская пісьменніца і шмат пра што яшчэ.

– Ці адстае наша сучасная літаратура ад іншых еўрапейскіх, ці ідзе нага ў нагу, а можа, развіваецца ў сваім адметным накірунку?

– Літаратура – гэта не спорт, дзе хтосьці скокнуў вышэй ці прабег хутчэй. Разважаць у такім рэчышчы пра літаратуру не варта. Наша літаратура знаходзіцца на сваім беларускім месцы.

Ёсць рэчы, напрыклад палотны Леанарда, якія не маюць цаны, бо найкаштоўнейшыя. Менавіта па кошце можна параўнаць між сабой розныя прадметы мастацтва. Але параўноўваць між сабой шэдэўры і літаратуры нельга.

Да таго ж важна ўсведамляць, што ніякая літаратура не мае межаў. Беларуская літаратура – літаратура мовы, а не пашпарту. Па-беларуску пішуцца кнігі ў Аргенціне і ЗША – гэта беларуская літаратура. Але ці можна да яе аднесці тыя творы, што пішуць беларусы па пашпарце на рускай мове? Не.

– Напрыклад, творы амерыканскай літаратуры можна знайсці, мабыць, ва ўсіх кніжных крамах свету, акрамя КНДР і ёй падобных краін. Чаго нельга казаць пра нашу літаратуру, дзе не з’яўляюцца сусветныя бестсэлеры.

– Па-першае, амерыканскай літаратуры ўвогуле не існуе ў свеце. Ёсць англійская літаратура. Калі прыйсці ў лонданскую краму, будзе бачна, што Марк Твэн – гэта англійскі пісьменнік, бо ён пісаў на англійскай мове. Амерыканцы могуць абвяшчаць Эдгара По сваім пісьменнікам, але ў англічан іншае меркаванне. Калі Бунін жыў у Парыжы і пісаў па-руску – ён жа не французскі пісьменнік. І тыя, хто з беларусаў пішуць па-руску, – рускія пісьменнікі.

– Якія тэндэнцыі ў развіцці сучаснай беларускай літаратуры вам заўважныя?

– На яе моцна паўплывалі новыя сродкі камунікацыі. Гэта не адметная рыса нашай літаратуры, але ўласцівая і ёй. Пісьменнік пачаў мяняцца, бо змяніўся чытач. Літаратура мяняе форму, бо гэтага патрабуюць новыя носьбіты. Людзі пачынаюць чытаць на мабільных прыстасаваннях, на камп’ютарах.

Калі у свой час з’явілася тыднёвая газета, Дзюма ці Сінкевіч пачалі пісаць канвеерам. Дзякуючы гэтаму паўстала новая форма твораў – раманы з працягам. Сёння пісьменнік штодня піша ў Сеціве і адразу чытае водгукі чытачоў. Ён не чакае выхаду кнігі і рэцэнзій. Наша літаратура развіваецца, як і ўсе сучасныя літаратуры.

– Ці заўважны змены ў тэксце? Можа, наша літаратура пайшла ў заходнім накірунку і з-за гэтага пачала губляць свае нацыянальныя адметнасці?

– Інтэрнэт у беларускага, літоўскага ці шведскага пісьменніка аднолькавы. Наша літаратура развіваецца нармальнымі крокамі. І зараз яна назапасіла шмат цікавых сучасных па змесце ўрбаністычных твораў. Некаторыя з якіх больш сучасныя за тыя, што з’яўляюцца ў ЗША. Творы новага пакалення беларускіх літаратараў сучасныя і па форме, і па змесце.

Агулам, нацыянальны твар не губляецца.

– Шмат хто гаворыць, што беларусы сталі менш чытаць. Калі параўнаць са Швецыяй, дзе новыя кнігі выдаюцца вялікімі накладамі і на прэзентацыі іх прыходзяць сем’ямі, гэтая тэза мае пацвярджэнне.

– Не веру.

– Хіба можна параўнаць наклады сучасных беларускіх кніг у некалькі сотняў асобнікаў з тымі, якія друкаваліся 30–40 год таму? Тады не рэдкасцю былі мільённыя наклады.

– Не ў лічбах справа. Не думаю, што шведы чытаюць больш за беларусаў. Тым больш я ведаю, як робіцца сучасны шведскі раман. Бярэцца амерыканскі бестсэлер і танна пераказваецца ў сціслым варыянце. Напрыклад папулярная кніга пра код да Вінчы. У Швецыі з’явіўся свой раман з мясцовым сюжэтам. Гэта чытаецца. Але хіба гэта літаратура?

– Такая схема запатрабаваная ва ўсіх еўрапейскіх краінах?

– Не, гэта тычыцца канкрэтна Швецыі. Шведы не чытаюць больш за беларусаў.

На сёння, можа, у нас не лепшы стан. Але гэта наш стан. І ўсякае параўнанне з іншымі літаратурамі не зусім карэктнае. Нельга параўноўваць краіну з імперыяй. У нас маладая дзяржава, маладая літаратура. Як яе можна параўнаць з кітайскай, якой 4 тысячы гадоў. Ці з японскай, дзе ўжо ў IX стагоддзі пісаліся вытанчаныя інтымныя дзённікі.

– Якія праблемы замінаюць перакладу твораў нашай літаратуры на замежныя мовы? Ці не з-за гэтага пэўнае кола нашых пісьменнікаў піша па-руску, бо тады яны з большай верагоднасцю трапяць на вочы замежным выдавецтвам?

– А чаму б не пісаць адразу па-кітайску? Будуць мільённыя наклады. Руская мова згортваецца. За маё жыццё яна страціла ўсе пазіцыі. І, адпаведна, свае пазіцыі страціла руская літаратура.

– Святлана Алексіевіч піша па-руску, і яе кнігі імгненна перакладаюцца на замежныя мовы і выдаюцца ў Германіі, Швецыі, Польшчы…

– Яна – савецкая пісьменніца, піша пра савецкага (ха-ха) звышчалавека і піша на савецкай мове. Цікавасць да саўдэпіі яшчэ цалкам не згасла, як і да якой гітлераўскай імперыі, таму і перакладаюць, таму і замаўляюць выдавецтвы напісанні тэкстаў такім, як Святлана. Дарэчы… Некалі Расійская імперыя атрымала Нобелеўскую прэмію за Генрыка Сянкевіча. Але ад гэтага ж ён не стаў рускім пісьменнікам. Ён польскі пісьменнік. Чаму тады Алексіевіч саманазываецца беларускай пісьменніцай? Яна проста грамадзянка Беларусі.

– Беларускамоўныя творы не перакладаюцца ў сваёй большасці на замежныя мовы з-за іх неканкурэнтнасці ці з-за недахопу перакладчыкаў?

– З-за таго, што мы пакуль не прыкладаем намаганняў папулярызаваць сваю літаратуру і годна прадставіць яе ў свеце. Ні дзяржава гэтым не займаецца, ні банкі, ні бізнесоўцы. У Грузіі, напрыклад, ёсць інстытут па прапагандзе грузінскай літаратуры. Грузіны ахвяравалі сродкі і запрашалі перекладчыкаў. Я асабіста ўдзельнічаў з Алесем Разанавым у перакладах грузінскай лірыкі, па-беларуску выйшаў 2-томнік грузінскай паэзіі.

У Беларусі прапагандай сваёй культуры амаль не займаюцца. У нас такога інстытута няма. Канешне, немцам зручней перакладаць з рускай мовы. Але мы павінны настойваць на сваім і раскручваць сваіх аўтараў.

– Ці спрыяюць развіццю нашай літаратуры прэміі Гедройца, ПЭН-цэнтра і іншыя?

– Безумоўна. Напрыклад, пераможца прэміі Ежы Гедройца атрымлівае 10 тысяч еўра. Да маладога, нікому не вядомага пісьменніка – увага і цікавасць. У мяне ёсць свая прэмія. Але ў адрозненне ад іншых раздавальнікаў еўра я яшчэ кніжкі чытаю. Звычайна людзі, якія раздаюць прэміі, чытаць не паспяваюць.

– Якія змены вы бачыце у творах маладых аўтараў? Якая тэма сёння дамінуе? Напрыклад, раней пісалі пра партызан…

– Хоць і пісалі пра іх, але асноўныя тэмы была іншымі. Беларускую літаратуру заўсёды хвалявалі тэмы сацыяльнай роўнасці, прыгнечанасці сялянства, станоўчым героем быў настаўнік. Партызанаў народ не любіў. Дзяржава любіла і стварала з іх герояў: замаўляла фальшывая кнігі і фільмы. Затым усе хто мог спаразітавалі на чарнобыльскай тэме. Але гэта кан’юнктура, а не асноўная тэма.

Маё пакаленне літаратараў стварала ўрбаністычную лірыку. Мы асэнсоўвалі тэмы пераезду беларускага сялянства ў горад, пісалі, як трансфармуецца чалавек у новым асяродку. Мы дзеці горада і сёння ствараем урбаністычную, сталічную літаратуру. Для нашай сучаснай культуры вельмі важна фарміраванне беларускай сталічнасці як новай каштоўнасці. А датацыйныя дзяржаўныя фокусы з партызанамі – гэта задача не літаратараў, а байцоў агітпрапаганды.

– Наколькі выгадна займацца ў Беларусі літаратурай, не спадзеючыся на атрыманне прэмій?

– Сумленнай літаратурай нявыгадна займацца нідзе. Калі паглядзець біяграфіі Рэмбо, Эдгара По, Ясеніна, каго хочаш – нявыгадна. Выгадна пісаць у жанры паклёпу на Радзіму. Выгадна ўсхваляць цароў і каралёў. Выгадна шрайбаць халтурку на замовы буйных выдавецтваў. Але трэба разумець, што будуць пастаўлены пэўныя ўмовы. Напрыклад, напісаць пра рускага палісмена, які ўсіх перамог.

Я не думаю, што якому-небудзь сумленнаму шведскаму паэту жывецца нашмат лепш, чым беларускаму. Нельга літаратуру змешваць з заробкам грошай – з гэтага нічога не выйдзе. І нават калі б нашы выдавецтвы знізілі кошты – усё роўна больш выгадна пісаць не мастацкія кнігі, а «Як выгадаваць дзіця» ці «1000 свежых анекдотаў».

– Ці звязана гэта з адсутнасцю ў належнай колькасці прыватных выдавецтваў?

– Не. Выдавецтваў можа быць і менш. Не лічу, што з гэтым кепская сітуацыя. Праўда, здараецца, што ліцэнзіі забіраюць і ў самых прагрэсіўных выдавецтваў. У мяне некалі забіралі… Праўда, пазней зноў выдалі.

– Можа, варта вярнуцца да савецкай сістэмы дзяржзамоў? У СССР па дзяржпраграме тысячы бібліятэк і крам закуплялі кнігі. Таму тады не было праблем з накладамі.

– Закупалі – так, але людзі чыталі зусім іншыя кніжкі: не тое, што прадавалася ў крамах, а забаронены самвыдат. Збіраліся ноччу ў майстэрнях і чыталі Хармса. Перадавалі адзін аднаму выдадзенага ў Мюнхене Купалу. Рабілі і чыталі самвыдатаўскія часопісы.

– Раскажыце пра сваю прэмію.

– Я пачаў яе ўручаць больш за 10 год таму за надрукаваныя на паперы кнігі. Думаў, што буду даваць яе больш маладым, але потым зразумеў, што магу з імі вельмі памыліцца. У чалавека ёсць некалькі вершаў. Яму можна даць прэмію, а праз некалькі год з сумам назіраць за тым, як ён дэградаваў.

– Шмат такіх прыкладаў?

– Не. Але я быў блізкі да паразы. Таму я стаў даваць прэмію больш правераным: Харэўскаму, Арлову, Акудовічу, Бабкову, Хадановічу, свайму брату Міраславу.

– А чаму толькі за друкаваныя варыянты? Марціновіч, напрыклад, першы раман ў Сеціве размясціў – ён стаў даволі паспяховым.

– Я лічу, што кніга ў электронным выглядзе – гэта на сённяшні дзень панты. Самае цікавае у Сеціве – блогі, а не раман, запхнуты у электроніку. Так, друкаваныя кнігі сыходзяць, але нармальная электронная кніга яшчэ не з’явілася. Увогуле. Не толькі ў Беларусі. Я, як чытач, хачу не проста набор літар, але тэкст з відэа, са спасылкамі, з інтэрактывам. А простая электронная кніга асфальтнага колеру – гэта горш за друкаваную. Гэта мёртвы тэкст. Наступную прэмію я пагаджуся даць за блог, але не за шэры тэкст, спампаваны на планшэт.

– Ці не замінае блогавая форма літаратуры якасці тэксту?

– Мы проста прызвычаіліся, што мінулы дзень для нас выглядае вельмі сур’ёзна. Нехта патрабуе ад сучасных літаратараў новага рамана «Вайна і мір». Я ведаю, як чатач і выдавец, што гэты раман не будуць купляць. Сышло і ўсё.

– Сышоў час сур’ёзнай літаратуры?

– Сышоў час рамана такой формы, пра які ўвесь час гавораць, што ён велічны. Але ён велічны таму, што ён мінулага часу. Усё, што памерла, – велічнае і манументальнае.

– Ці стаў бы папулярным той жа «Ціхі Дон», калі б быў зараз зроблены ў выглядзе блога ці комікса?

– Так. У новай форме, кшталту тэлесерыяла, ён будзе запатрабаваны.

–Што замінае ў Беларусі нарадзіцца твору, які можа стаць сусветным хітом?

– Тое ж самае, што замінае венгру, літоўцу ці курду. Некалі адзін чалавек добра сказаў пра Хемінгуэя: «Ён стаў вялікім пісьменнікам дзякуючы амерыканскай арміі». Трэба ўсведамляць, што літаратура ідзе разам з экспансіяй: з кока-колай, “фордам”, Галівудам, арміяй. Калі была руская імперыя – былі Чэхаў і Талстой. Скукожылася імперыя – скукожылася і літаратура. Нам гавораць: быў жа Быкаў, творы якога перакладаліся на ўсе асноўныя мовы свету. Але ён был савецкім пісьменнікам. З усімі савецкімі артрыбутамі. Ён пісаў пра савецкіх салдат, стаў лаўрэатам Ленінскай прэміі, героем сацыялістычнай працы.

Дэн Браўн і Джаан Роўлінг – стваральнікі новых татальных кніг толькі таму, што сёння англійская мова татальная.

– Але ж прэстыжныя прэміі па літаратуры атрымоўваюць пісьменнікі з маленькіх краін. Іх творы перакладаюцца на шмат моў. Напрыклад, Эрленд Лу зараз вельмі папулярны ў свеце. Ён не з Англіі ці ЗША і піша не па-англійску.

– Эрленд Лу стаў вядомым пісьменнікам таму, што Нарвегія – адна з самых заможных краін у Еўропе. Нарвежцы нават Нобелеўскую прэмію даюць. Яны могуць да сябе запрасіць Абаму, і ён прыедзе. А у нас няма такіх сродкаў і ўплыву, адпаведна.

– Значыцца, нам пакуль вельмі рана марыць пра сусветную вядомасць нашай літаратуры?

– Каб стаць Эрлендам Лу, трэба нарадзіцца ў Нарвегіі.

– Няўжо ў беларускай галаве не можа нарадзіцца выдатны тэкст пра агульначалавечую праблему, на які адгукнуцца сусветныя выдаўцы?

– Не ў мазгах справа. Калі пра мяне амерыканцы здымалі фільм, яны сказалі, што ўсе таленавітыя людзі жывуць у Амерыцы. Я пытаю: чаму ж тады яны пра мяне фільм здымаюць для Амерыкі? «Вы ж абавязкова пераедзеце ў Штаты!» – пачуў адказ.

Я пражыў жыццё: таго-сяго дасягнуў. Я не наіўны чалавек. Лічу, што трэба ведаць сваё месца і цвяроза глядзець на гэтую справу. Хочаш быць беларускім пісьменікам – будзь, але хочаш стаць сусветна вядомым – не лёс.

Павел Дабравольскі, ej.by

Фота lit-bel.org