Адам Мальдзіс сустрэў свой 80-гадовы юбілей

Адама Іосіфавіча Мальдзіса віншуем з 80-годдзем!

Зычым Вам здароўя і плёну ў Вашай патрэбнай творчай працы, шаноўны Адам Іосіфавіч!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

 

***

Як толькі не называюць Мальдзіса! Хадзячай энцыклапедыяй, чалавекам-аркестрам, куфарам ведаў, літаратуразнаўчай школай... Усё не без падстаў, вядома. Гэты чалавек, здаецца, ведае ўсё і пра ўсіх. Хварэе душой за ўсё беларускае і заражае любоўю да роднай гісторыі і культуры амаль адразу.

26 гадзін у сутках

З Адамам Восіпавічам мне пашчасціла пазнаёміцца яшчэ ў школьныя гады. Я якраз праводзіла ў школьным Гудагайскім музеі, што на Астравеччыне, экскурсіі ля раздзела, прысвечанага свайму знакамітаму земляку - Мальдзіс паходзіць з суседніх Расолаў. Асоба прафесара здавалася мне тады проста недасягальнай. Столькі званняў, узнагарод, пасад... Ён працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук, быў старшынёй камісіі “Вяртанне” Беларускага фонду культуры, узначальваў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францішка Скарыны, Міжнародную асацыяцыю беларусістаў і многае іншае. Уяўляеце, чаго каштавала мне ўсе гэта запомніць? А аднойчы я пазнаёмілася з Мальдзісам асабіста. Хоць прафесар і дасягнуў многіх вышынь, сваёй малой радзімы ён ніколі не цураўся. Памятаю, як зайшоў ён у пакой музея - такі сур’ёзны, інтэлігентны, прадстаўнічы. Я яшчэ не магла ўсвядоміць, што ў такім узросце можна так добра выглядаць і так шмат працаваць.

І ведаеце, столькі гадоў прайшло, а ён ніяк не змяніўся. Хіба яшчэ больш працаваць стаў. Калі ні зойдзеш да яго, а зараз Мальдзіс працуе ў Інстытуце культуры Беларусі, ён заўсёды ў клопатах. То артыкул рыхтуе, то рэдагуе, то вяртаннем беларускіх каштоўнасцей займаецца... “Час падціскае. А столькі яшчэ зрабіць хочацца”, - гаворыць прафесар.

Дарэчы, ведаеце, пра што марыць прафесар? Каб у сутках было не 24, ну а хоць 25-26 гадзін - каб паспець яшчэ больш.

“Мальдзіс? Не, не чулі”

Здавалася б, куды больш?! У працоўнай скарбонцы Мальдзіса і так ужо назбіралася безліч адкрыццяў, артыкулаў, даследаванняў... Толькі бібліяграфія Адама Восіпавіча ў даведніку “Беларусь і беларусы ў прасторы і часе” займае каля 40 старонак! Адных літаратурных твораў - пятнаццаць тамоў. На падыходзе - зусім “гарачанькі” шаснаццаты “Суайчыннікі ў мастацкай літаратуры”. Дарэчы, гэты 16-ты том Мальдзісу яшчэ на першым курсе напрарочылі.

У бібліятэцы БДУ, у якім навучаўся Мальдзіс, часта з’яўляліся аб’явы накшталт: “Прапаў другі том Чэхава. Вярніце, калі ласка.” Ацэньваючы руплівасць ды працавітасць Мальдзіса-студэнта, які ўжо тады гадзінамі сядзеў над кнігамі ў бібліятэцы, яго аднакурснікі вырашылі пажартаваць ды аб’яўку даць: “Прапаў трынаццаты том твораў Адама Мальдзіса. Просьба тэрмінова вярнуць у бібліятэку. Таму, хто знойдзе кнігу, гарантуецца ўзнагарода”. На гэтым жарт не скончыўся. Праз некалькі дзён з’явілася падобная аб’ява: “Дзякуем таму, хто знайшоў прапаўшы трынаццаты том Адама Мальдзіса. Але, на жаль, знік шаснаццаты. Пераканаўча просім вярнуць зніклую кнігу”.

- І вось прыходзіць адна студэнтка ў бібліятэку, - успамінае Мальдзіс. - Ды просіць: слухайце, а дайце мне гэтага Мальдзіса пачытаць. А то вунь шаснаццаць тамоў у яго. А я і не чытала нічога.

Пералапацілі бібліятэкары тады ўсю картатэку, але, вядома, не знайшлі нічога. Затое сёння чытай - не хачу. І пра Уладзіміра Караткевіча, з якім добра сябраваў Мальдзіс, і пра жыццё продкаў у XVIII стагоддзі, і пра малую радзіму Астравеччыну, і пра беларускія скарбы за мяжой... Не адзін год Адам Восіпавіч займаецца праблемамі выяўлення і рэстытуцыі гістарычных і культурных каштоўнасцей Беларусі, якія апынуліся за мяжой.

- Уявіце сабе: каля 90 працэнтаў (!) беларускага нацыянальнага скарбу раскідана па розных кутках свету: ад ЗША да Кітая і Японіі, - гаворыць Мальдзіс. - І я веру, што многія з іх можна вярнуць на радзіму. І слуцкія паясы, і партрэты Радзівілаў, і крыж Еўфрасінні Полацкай... Аднойчы, дарэчы, я папрасіў сваіх балгарскіх калег спытаць у Вангі, дзе знаходзіцца наша полацкая святыня. І ведаеце, што яна сказала? Беларусы могуць не хвалявацца: хутка яна знойдзецца.

Міф “залатога” возера

Мальдзіс - сапраўдны фанат беларускай гісторыі і культуры. Не адзін артыкул, да прыкладу, прысвяціў вучоны “золату Напалеона”.

- Усе чамусьці лічаць, што французскае золата засталося недзе на Беразіне. А я на 99 працэнтаў упэўнены, што яно знаходзіцца на тэрыторыі сённяшняга Астравецкага раёна, - расказвае прафесар. - Мне давялося прачытаць у польскіх мемуарах, што ў Смаргоні Напалеон дакладна быў са сваімі скарбамі. Відаць, дайшоў ён з імі і да Ашмян, бо па дарозе ніякіх баёў не адбывалася. Праўда, Напалеона папярэдзілі, каб ён не ехаў на Вільню па Ашмянскім тракце, бо з поўдня шлях перарэжуць атрады казакаў. Тады Напалеон прыказаў прынесці карту ВКЛ - відаць, шукаў месца, дзе можна прыхаваць сваё золата. І ў першую чаргу - азёры. Бо капаць мёрзлую зямлю - тады ўжо ляжаў снег - не было сэнсу. Аднак ні ля Ашмян, ні ля Віленскага тракту азёраў не было. І імператар звярнуў увагу на Полацкі тракт, па якому наступаў на Расію. Ад Ашмян да Вільні - паўдня на конях. Напалеон жа прыбыў у Вільню толькі на трэці дзень. Дзе быў? Зрабіў круг. Па Астравецкіх землях, багатых азёрамі. Там і курган ёсць, дзе пахаваныя французы, і памятны камень, устаноўлены на месцы, дзе быў Напалеон. Я ўпэўнены: золата варта шукаць там.

Нацыя донараў

Але куды больш важна за рэстытуцыю матэрыяльных каштоўнасцей вяртанне нематэрыяльнага. З 80-х гадоў прафесар займаецца пошукам вядомых суайчыннікаў за мяжой. Каго толькі не адкрыў Адам Восіпавіч! У 2000 годзе пад яго кіраўніцтвам выйшла кніга “Беларусы i ўраджэнцы Беларусi ў памежных краiнах”, у які ўвайшлі артыкулы аб амаль шасцістах слаўных асобах. Зараз Адам Восіпавіч разам з іншымі супрацоўнікамі інфармацыйна-аналітычнага сектара “Беларускае замежжа” пры Інстытуце культуры Беларусі рыхтуе яшчэ больш поўны даведнік “Сузор’е блiзкага памежжа. Беларусы, народжаныя ў суседнiх краiнах”.

- У даведніку можна будзе прачытаць пра больш за паўтары сотні нашых выбітных суайчыннікаў - беларусаў у Лiтве, Казахстане, Расiі... - расказвае прафесар. - Не пералічыць, колькі скарбаў дала Беларусь свету. Глянуць толькі, колькі беларусаў адкрывалі Сібір! Бенедыкт Дыбоўскі стаў першым даследчыкам возера Байкал. Эдуард Пякарскі стварыў алфавіт для якутаў. Нямала адкрыццяў здзейсніў Ян Чэрскі - у гонар яго, дарэчы, названыя два горныя хрыбты ў Сібіры.

Акрамя даведніка, ёсць у Мальдзіса ідэі дапісаць і яшчэ тое-сёе.

- Столькі матэрыялаў сабрана! На некалькі кніг хопіць. Ды як за іх узяцца, калі тут столькі грамадзянскіх абавязкаў. Хіба знікнуць з Мінска на родную Астравеччыну, напрыклад, ды, запёршыся ў хаце, спакойна пісаць. Але ўсё гэта мары-мары...

 

Людміла Мінскевіч, Народная газета