Адама Глобуса віншуем з 55-годдзем!

hlobus_navinyby

Адам Глобус, фота naviny.by

Нарадзіўся ў сям'і пісьменніка В. Адамчыка. З 1959 жыве Мінску. Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча (1977), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі ўніверсітэт (1983). Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, рэдактарам у часопісе «Родник» (з 1987). Цяпер займаецца выдавецкай дзейнасцю (выдавецтва «Сучасны літаратар»). Удзельнік Таварыства «Тутэйшыя» (1986—1990). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1988), СП БССР (з 1989), лаўрэат расійскай літаратурнай прэміі “Югра” ў намінацыі “Славянская кніга” ( 2009), за кнігу "Сказы" ўганараваны трэцім месцам у прэміі імя Ежы Гедройца за 2012 г.

Працуе ў галіне паэзіі і прозы. У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1981 (газета «Літаратура і мастацтва», часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг «Парк» (паэзія, 1988), «Адзінота на стадыёне» (зборнік апавяданняў, 1989), «Смерць — мужчына» (1992), «Скрыжаванне» (1993), «Дамавікамерон» (1994), «Толькі не гавары маёй маме» (1995), «Койданава» (1997), «Новы дамавікамерон» (1998), «Post scriptum» (1999), «Тэксты» (зборнік усіх папярэдніх кніг, 2000), «Браслаўская стыгмата» (2001), «Сшыткі» (2003), «Дом» (2005), «сУчаснікі» (2006), «Літары» (2006), «Play.by» (2009), "Сказы" (2012). Публікаваўся ў складзе зборнікаў «Тутэйшыя» (зборнік твораў удзельнікаў Таварыства «Тутэйшыя», 1989), «Круглы год» (зборнік хоку беларускіх аўтараў, 1996), «Сучасная беларуская проза» (зборнік, 2003).

Вершы і апавяданні А. Глобуса перакладзены на асноўныя мовы свету, а таксама на асецінскую і каталонскую, друкаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Славеніі, Чэхіі, Польшчы і Расіі («Оборотни» (1991), «Demonokameron» (1993), «Лирика by» (выбраныя паэтычныя і празаічныя творы ў рускім перакладзе, 2007)).