Адамчык, Аляхновіч, Багдановіч, Барадулін, Быкаў — у друк выходзіць серыя беларускіх класікаў у 26 тамах

Серыя прадстаўляе з сябе зрэз беларускай літаратуры — ад старажытных легендаў, народных казак, хрэстаматыйных і малавядомых твораў класікаў да працаў сучасных пісьменнікаў.

19 чэрвеня наклад дадрукуюць, а 24 чэрвеня ў краме OZ.BY адбудзецца прэзентацыя серыі з удзелам крытыкаў і маладых літаратараў. Сумарны наклад складзе больш за 60 тысяч асобнікаў.

Кожная кніга выйдзе накладам 2—2,5 тысячы асобнікаў. Купіць творы можна будзе ва ўсіх крамах OZ.BY і «Белкніга», у якой больш за 70 кропак па Беларусі.

Кнігі будуць у мяккай вокладцы кішэннага фармату, і выдаўцы абяцаюць, што кошт аднаго асобніка не будзе перавышаць 100 тысяч рублёў.

«Мы хочам, каб беларускую класіку сапраўды чыталі і каб яна была даступная, таму выбралі дэмакратычны фармат выпуску. Дырэктары «даўно хацелі выдаць беларускую класіку. Мы беларускае выдавецтва, а беларускіх кніг да гэтага моманту не выдавалі», — кажуць у выдавецтве.

Над праектам на працягу двух гадоў працавалі гісторык, паэт, віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімір Арлоў, пісьменнік і літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Пятро Васючэнка, філолаг і грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі, літаратуразнаўца, пісьменнік, доктар філалагічных навук Міхась Тычына і пісьменнік, перакладчык, выдавец Уладзімір Сіўчыкаў.

Мэта праекта — зрабіць айчынных пісьменнікаў бліжэй да беларусаў, а чытачам даць шанец зноўку прачытаць і ацаніць творы, прадстаўленыя сярэдняй школай не ў поўным аб'ёме, а часам «пройдзеныя» толькі фармальна.

nn.by