Адбылася перадача факсіміле Слуцкага Евангелля Нацыянальнай бібліятэцы

У Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (НББ) 15 снежня адбылася перадача факсіміле Слуцкага Евангелля НББ і найбуйнейшым бібліятэкам краіны.

Дырэктар выдавецтва Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы іерэй Яўген Лабынько перадаў благаславенне на цырымонію ад мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі. Айцец Яўген выказаў задавальненне тым, што Евангелле (Благая вестка) зноў аб’ядноўвае людзей, бо ў падрыхтоўцы кнігі разам з выдавецтвам бралі ўдзел НББ і Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук. Ён зазначыў, што выпуск факсіміле з’яўляецца другім пасля аднаўлення Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай крокам у праекце «Вяртанне святыняў». «Гэта патрэбна нам, каб мы памяталі свае хрысціянскія гісторыю, карані і продкаў», — сказаў айцец Яўген.

Паводле слоў старшыні РГА «Бацькі і настаўнікі за адраджэнне праваслаўнай адукацыі» Уладзіміра Грозава, беларуская сям’я павінна расці, мацнець і прымнажацца. Ён мяркуе, што дэмаграфічнае, эканамічнае і сацыяльнае развіццё краіны магчымае толькі пры наяўнасці духоўнага сцягу, якім і з’яўляецца Слуцкае Евангелле.

На працягу месяца праз абласныя бібліятэкі фаліянт будзе перададзены ва ўсе раённыя бібліятэкі краіны і кніжныя зборы беларускіх ВНУ.

Дырэктар НББ Раман Матульскі назваў факсіміле Слуцкага Евангелля «не проста помнікам кніжнай культуры, а беларускай святыняй». Ён нагадаў, што рукапіс Слуцкага Евангелля, уласнаручна створанага ў Слуцку ў 1581 годзе мясцовым князем Юрыем Алелькавічам, быў страчаны ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны і вярнуўася людзям некалькі гадоў таму. Затым, паводле слоў Матульскага, былі створаны электронная версія рукапісу і яго факсімільнае выданне. Дырэктар НББ паведаміў, што пачалася праца па выданні факсіміле Полацкага Евангелля — беларускай духоўнай святыні XII стагоддзя, да якой дакранулася рука Еўфрасінні Полацкай.

У цырымоніі бралі ўдзел камерны духоўны тэатр цэнтра праваслаўнай культуры «Спадарожнік хрысціянства» і вакальны мужчынскі ансамбль «Благавест» выдавецтва Беларускага экзархата. Удзельнікам цырымоніі быў паказаны відэафільм пра рэспубліканскую духоўна-асветніцкую праграму «Сям’я — яднанне — Айчына».

nn.by