Адбылася першая імпрэза Месяца шведскай літаратуры

7 лютага ў кнігарні “Ў” адбылася літаратурная вечарына “Глобус Беларусі”, першая ў шэрагу імпрэзаў Месяца шведскай літаратуры ў Мінску, падрыхтаванага пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Беларусі.
Вітальным словам да прысутных адкрыў вечар амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.
Паэткі Валянціна Аксак, Аксана Данільчык і Валярына Кустава расказалі пра выспу Готланд, дзе ім давялося пабываць у творчых камандыроўках, Уладзімір Арлоў — пра сваю сустрэчу за келіхам гішпанскага віна з нобелеўскім лаурэатам Тумасам Трастромэрам і вандроўку за Палярнае кола на шведска-фінскае памежжа ў госці да пісьменніка Мікаэля Ніемі, Лявон Баршчэўскі выступіў з перакладамі Трастромэра, Анатоль Івашчанка расказаў пра тое, як па-рознаму ставяцца шведы і беларусы да літаратурных персанажаў, Вера Бурлак прачытала ўласныя вершы-экспрэсіі пра скандынаўскія авіялініі. Мадэраваў сустрэчу Андрэй Хадановіч.
Вашай увазе – фотарэпартаж з імпрэзы:
Арт-дырэктар кнігарні "логвінаЎ" Павал Касцюкевіч
Мадэруе сустрэчу паэт Андрэй Хадановіч
Уладзімір Арлоў і Стэфан Эрыксан
Паэтка Валянціна Аксак і перакладчыца Вольга Рызмакова
Лявон Баршчэўскі чытае свае пераклады Тумаса Трастромэра
Выступае Валянціна Аксак
У рамках Месяца шведскай літаратуры беларусаў чакаюць наступныя імпрэзы:
12 лютага (нядзеля) Ранішнік для дзетак з прэзентацыяй кнігі Юі Вісландэр “Мама Му чытае” ды Юі і Тумаса Вісландэраў “Малы і Білан”, з удзелам аўтаркі Юі Вісландэр і яе беларурскай перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч, а таксама спевакоў Змітра Вайцюшкевіча і Галіны Казіміроўскай, якія запісалі кружэлку з Юінымі казкамі і песенькамі. Лялечны тэатрык Веранікі Фаміной “Лямцавая батлейка” прадставіць сваю версію Мамы Му. Пачатак а 14-й.
18 лютага (субота) Прэзентацыя дзіцячай кнігі Ульфа Старка “Дыктатар” (папяровае выданне+электронная версія). Пры ўдзеле аўтара, а таксама літаратуразнаўцы Яніны Арлоў, і перакладчыц: Насты Лабады і Вольгі Рызмаковай. Вядоўца – Андрэй Хадановіч. Наведаць прэзентацыю зноў запрашаюцца дзеткі і іх бацькі. Пачатак а 14-й.
28 лютага (аўторак) Вечар шведскага дэтэктыва. Паказ фільма паводле рамана Стыга Ларсана і абмеркаванне феномена шведскага дэтэктыва. Вядоўца – культуролаг Максім Жбанкоў. Пачатак у 18-30.
12 сакавіка (панядзелак) Nobel-party. Імпрэза,прысвечаная паэту-набелісту Тумасу Транстромеру. З удзелам перакладчыка Лявона Баршчэўскага і рэжысёра Лейфа Ульсана. Мадэратар – Андрэй Хадановіч. Пачатак а 19-й.
15 сакавіка (чацвер) Тэатралізаваны вечар, прысвечаны класіку сусветнай драматургіі Аўгусту Стрындбергу. З удзелам актораў мінскіх тэатраў і рэжысёра Лейфа Ульсана, ідырэктара Тэатра беларускай драматургіі Валерыя Анісенкі. Пачатак а 19-й.
Прэсавая служба СБП