Адбылася вечарына памяці Таццяны Сапач

З чытання вершаў паэткі Таццяны Сапач і ўспамінаў тых, хто яе ведаў, распачаўся цыкл сустрэч, прысвечаных розным людзям, што належаць да літаратурнага аб’яднання «Тутэйшыя», якому сёлета споўнілася 25 гадоў.

Ігар Бабкоў


Імпрэзу-ўспамін, што прайшла ў кнігарні «логвінаЎ» адкрыў  Ігар Бабкоў:

«Мне здаецца, што пакаленне «Тутэйшых», пры тым, што яно бунтарскае пакаленне, – адно з самых непачутых і недаацэненых пакаленняў сёння, можа быць, таму, што яго прадстаўнікі не рыхтавалі сабе п’едэсталаў і месцаў у гісторыі літаратуры, яны займаліся трошачкі іншымі рэчамі. Гэты цыкл мы вырашылі распачаць з самых важных, з тых, каго ўжо няма з намі. І Таццяна Сапач – геніяльная паэтка, сябра, якая трагічна загінула 27 снежня мінулага года ў аўтакатастрофе, сёння мусіць быць з намі. Таццяна Сапач, можа быць, адна з такіх загадкавых паэтак, і ў пэўным сэнсе гэта той нерв і паэтычны сакрэт пакалення «Тутэйшых».


«Я жыву ў доме, дзе ўсё здаецца дзіўным,
Сюды не залятаюць матылі»

 
«Вядома, мілы дружа, тут няма партрэтаў у цяжкіх драўляных рамах,
Замест сцягоў лунае на гаўбцы блакітная, самлелая бялізна»

 
«Я не люблю вас, я люблю Шапэна».


«Мала хто разумее, што Таццяна Сапач, па сутнасці, запачаткавала абсалютна іншую інтанацыю, лінію ў беларускай паэзіі, якую можна было б назваць эстэтызмам, калі б гэтае слова не гучала неяк пашлавата, гэта не зусім такое эстэцтва, а паэзія сэрца, паэзія душэўная, якая сагравае гэтую рэальнасць», – адзначыў Ігар Бабкоў.

 

Кася Камоцкая


Вядомая выканаўца бардаўскіх песень Кася Камоцкая, лідар легендарнага «Новага неба», падкрэсліла: «Таццяна пісала такой мовай, што яе вершы хацелася спяваць. На яе мове хацелася размаўляць нават не беларусу». І праспявала «Дзяцей чорнага горада» і яшчэ некалькі знакамітых песень на вершы Таццяны Сапач.

 

Галіна Дубянецкая

 

Вытанчаная і загадкавая паэтка Галіна Дубянецкая ледзь не плакала, чытаючы ўлюбёныя вершы, напісаныя Таццянай. Мала каму раней даводзілася адчуць такія кранальныя інтанацыі.

 
«Змяшанне забытых фарбаў –
няжоўтай і неблакітнай,
і часам празрыста-чорнай
з пранізлівай і сцюдзёнай –
у небе, падзертым на паскі –
і гэта, нарэшце, дождж!..»


 

Гл. рэпартаж цалкам на budzma.org