Адбылося кастрычніцкае паседжанне рады СБП

10 кастрычніка прайшло чарговае паседжанне Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў. На парадку дня разглядаліся наступныя пытанні: прыём у Саюз новых сяброў, якія прайшлі прыёмную камісію; арганізацыя і правядзенне чарговага З’езда СБП; рознае.

Па рэкамендацыі прыёмнай камісіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, якую прадстаўляў яе старшыня Віктар Слінка, да разгляду сябраў Рады былі прадстаўленыя наступныя кандыдатуры: У. Ахроменка, М. Гірко, В. Дашук, С. Егарэйчанка, Л. Завея, У. Мароз і А. Фядута.

Па выніках таемнага галасавання ўсе кандыдаты былі прынятыя ў сябры Саюза пісьменнікаў.

Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся 29.01.1965 у Гомелі. Празаік, кінасцэнарыст, драматург. Жыве ў Мінску і Чарнігаве.

Віктар Дашук нарадзіўся 16.09.1938 у в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. Празаік, нарысіст, кінарэжысёр-дакументаліст. Жыве ў Мінску.

Сяргей Егарэйчанка нарадзіўся 17.10.1988 у Мінску. Скончыў гістфак БДУ. Празаік. Жыве ў Нясвіжы.

Марат Гірко нарадзіўся 06.02.1934 у м. Смалявічы Мінскай вобласці. Паэт. Жыве ў Мінску.  

Людміла Завея нарадзілася 4.11.1955 у п. Руднік Джэзказганскага раёна Карагандзінскай вобласці. Паэтка. Жыве ў Мінску.

Уладзімір Мароз нарадзіўся ў чэрвені 1953 года ў м. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Паэт, празаік. Жыве ў Мінску.

Аляксандр Фядута нарадзіўся 3.11.1964 у Гродна. Літаратуразнавец, эсэіст. Жыве ў Мінску.

З уступленнем у старэйшую творчую арганізацыю краіны новых сябраў павіншаваў старшыня СБП Алесь Пашкевіч.

Асноўным пытанне восенскай рады СБП была арганізацыя і правядзенне чарговага З’езда Саюза беларускіх пісьменнікаў. Рада прыняла рашэнне правесці яго ў снежні 2011 года і прызначыла арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні пісьменніцкага форума.

У аргкамітэт увайшлі:

Алесь Пашкевіч (старшыня аргкамітэта),

Эдуард Акулін,

Барыс Пятровіч,

Рыгор Сітніца,

Міхась Скобла.

У “Розным” былі абмеркаваныя надзённыя пытанні жыццядзейнасці творчай арганізацыі.

Прэсавая служба СБП