Адбылося паседжанне Рады ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" — 30 верасня
Удзел у ім узялі сябры Рады: Валянціна Аксак, Уладзімір Арлоў, Ірына Багдановіч, Анатоль Бароўскі, Лявон Баршчэўскі, Генадзь Бураўкін, Пятро Васючэнка, Анатоль Вярцінскі, Юрка Голуб, Генрых Далідовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Галіна Дубянецкая, Віктар Жыбуль, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько, Галіна Каржанеўская, Леанід Маракоў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла.
Старшыня СБП Барыс Пятровіч паведаміў, што на парадку дня наступныя пытанні: прыём і аднаўленне ў арганізацыі новых сяброў, справаздача па дзейнасці Саюза за апошнія паўгады, рознае. У розным былі разгледжаны пытанні аб працы Школы маладога пісьменніка, аб святкаванні 80-годдзя Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама паведамленні сяброў Рады.
Напачатку Рады было абвешчана, што Віктар Супрунчук і Андрэй Федарэнка падалі заявы на аднаўленне сяброўства ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Спадары Віктар і Андрэй выступілі, выказаўшы жаданне аднавіцца ў шэрагах СБП. Адкрытым галасаваннем іх заявы былі задаволеныя.
Андрэй Федарэнка
Напярэдадні, 17 верасня, прайшла прыёмная камісія, на якой былі разгледжаны кандыдатуры васьмі творцаў, шэсць з якіх былі рэкамендаваныя да прыёму ў ГА “СБП”, дзве — не задаволеныя.
Пасля абмеркавання творчасці кандыдатаў і іх выступаў, у спіс для тайнага галасавання былі ўнесены прозвішчы Яўгеніі Казловай, Сяргея Календы, Анатоля Кашэвіча, Міхаіла Нардштэйна, Мікалая Пацеюка, Сяргея Сапоненкі. Па выніках галасавання ў ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” былі прынятыя ўсе шэсць кандыдатаў.
Згодна з зацверджаным парадкам дня, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч зрабіў справаздачу па дзейнасці арганізацыі за апошнія паўгады.
Вялікая ўвага была нададзена абмеркаванню плана юбілейных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя Саюза беларускіх пісьменнікаў у 2014 годзе.
Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"