Адбылося паседжанне гарадзенскага аддзялення СБП — 27 лютага

27 лютага 2013 г. адбылося чарговае паседжанне гарадзенскай абласной філіі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. На пачатку сустрэчы хвілінай маўчання была ўшанаваная памяць Міхася Чарняўскага і Юрыя Гуменюка. Старшыня аддзялення Юрка Голуб зрабіў справаздачу па выніках дзейнасці суполкі.
Сябры Гарадзенскай філіі СБП
Акрамя звычайнай справаздачнай нагоды мелася яшчэ адна нешараговая і ўрачыстая – выхад гарадзенскага альманаха “Новы замак”. Вынікам пачэснай працы ўкладальніка сп. Сяргея Астраўца і рэдакцыі на чале са старшынём філіі Юркам Голубам сталася грунтоўнае выданне, на 250 старонках якога змясціліся творы 21-го аўтара.
Было адзначана, што калі для літаратурнай Гарадзеншчыны ХХІ стагоддзя выданне альманаха справа знакавая і новая, то ў агульным кантэксце гэтая падзея адраджае традыцыю выдання альманаха ў горадзе над Нёманам, некалькі нумароў якога выйшла ў 50-ых гадах мінулага стагоддзя. У 1986 годзе была яшчэ адна спроба – з'явіўся "Край мой Нёман" з прадмовай Васіля Быкава.
Выступаюць Барыс Пятровіч і Юрка Голуб
На паседжанні былі таксама абмеркаваныя мерапрыемствы па прэзентаванні “Новага замка” і кнігі гарадзенскага паэта Анатоля Брусевіча, якія маюць адбыцца ў сакавіку 2013 года.
Дзякуем спадару Сяргею Астраўцу за прадастаўленыя фота