Адбылося пасяджэнне Магілёўскага аддзялення СБП — 31 сакавіка

На сустрэчы прысутнічалі Тамара Аўсяннікава, Віталь Еўмянькоў, Сяргей Украінка, Мікола Яцкоў, Таццяна Барысік, Міхась Булавацкі, старшыня СБП Барыс Пятровіч, памочнік старшыні Усевалад Сцебурака, кіраўнік літаратурнага гуртка пры магілёўскай арганізацыі ТБМ Аляксей Карпенка.

Старшыня магілёўскага абласнога аддзялення СБП спадар Мікола Яцкоў даў справаздачу аб дзейнасці сябраў СБП за сакавік 2013 года. Варта адзначыць, што самая маладая абласная суполка працуе актыўна, заўважна прысутнічаючы ў культурным жыцці рэгіёна.

Злева направа: Таццяна Барысік, Сяргей Украінка, Алена Лаўранцова, Віталь Еўмянькоў, Аляксей Карпенка, Тамара Аўсяннікава, Міхась Булавацкі, Усевалад Сцебурака, Барыс Пятровіч, Мікола Яцкоў

Сярод адметных падзеяў з удзелам пісьменнікаў Магілёўшчыны былі ўзгаданыя творчая сустрэча Міколы Яцкова ў клубе “Субяседнік” пры гарадской бібліятэцы, удзел у круглым стале “Роля сучаснай літаратуры ў грамадска-патрыятычным выхаванні моладзі” ў межах святкавання Міжнароднага дня паэзіі ў Магілёўскай абласной бібліятэцы, далучэнне да “Пысінскіх чытанняў” удзельнікаў гарадскога літаратурнага клуба “Святліца” на чале з яго кіраўніком Тамарай Аўсяннікавай. Таксама быў прэзентаваны чарговы нумар літаратурна-мастацкага і інфармацыйнага бюлетэня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” “Дняпроўская строма”, што выдаецца філіяй з траўня 2012 года.

Барыс Пятровіч віншуе новага сябра СБП Віталя Еўмянькова

Старшыня СБП Барыс Пятровіч азнаёміў сябраў магілёўскай філіі з бягучымі справамі арганізацыі і ўручыў пасведчанне сябра саюза магілёўскаму пісьменніку Віталю Еўмянькову.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"