Адбыўся агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтра

У склад Рады, апрача старшыні і яе намеснікаў, увайшлі Уладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч і Сяргей Дубавец.

За два прамінулыя гады Беларускі ПЭН-цэнтр ініцыяваў і здзейсніў у супрацы з партнёрамі, у тым ліку з ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", шэраг культурніцкіх праектаў. Былі ўручаныя Прэмія Ежы Гедройца, прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, прэмія імя Алеся Адамовіча, прэмія імя Францішка Багушэвіча. Летась прэмію Алеся Адамовіча, якая ўручаецца за найлепшы публіцыстычны твор, атрымаў Уладзімір Арлоў за кнігу «Імёны Свабоды». Прэмію імя Францішка Багушэвіча за выдатную гістарычную прозу атрымалі Святлана Марозава за кнігу «Сваёй веры ламаць не будзем…»: супраціў дэўнізацыі ў Беларусі (1780 – 1839 гады)» і Дзяніс Лісейчыкаў за кнігу «Святар у беларускім соцыуме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства (1596 – 1839)». Акрамя таго, былі заснаваныя новыя прэміі – прэмія Цёткі за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў, прэмія «Кніга году», прэмія імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў, паэтычная прэмія імя Наталлі Арсенневай. Таксама Беларускі ПЭН-цэнтр праводзіў майстар-класы для маладых літаратараў і ўдзельнічаў разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў у арганізацыі паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце».

Яшчэ адзін праект Беларускага ПЭН-цэнтра – Рэзідэнцыя маладога літаратара. Праграма дае магчымасць творцу ва ўзросце да 35 гадоў два тыдні жыць у Доме правоў чалавека ў Вільні і займацца літаратурнай работай. За апошнія гады ў праграме паўдзельнічаў 31 чалавек, вынікамі працы сталі 5 новых кніг, напісаных у Рэзідэнцыі.

Сёлета ПЭН-цэнтр разам з фондам імя Роберта Боша рэалізавалі эксперыментальны праект «Паэтычныя сустрэчы» для маладых паэтаў і мастакоў. Вершы маладых беларускіх паэтаў былі перакладзеныя на нямецкую мову, беларускія і нямецкія мастакі намалявалі ілюстрацыі да гэтых вершаў, пасля была праведзеная выстава і сустрэча з паэтамі ў Берліне.

Працягваў сваю працу праект “Літрадыё”. Цягам апошніх гадоў у фанатэцы на сайце litradio.by з’явілася шмат новых аўдыязапісаў твораў сучасных літаратараў, а таксама архіўныя запісы класікаў беларускай літаратуры.

ПЭН-цэнтр