Аўдыякнігу Янкі Маўра і ваярскі каляндар прэзентавалі ў Мінску

Алесь Квіткевіч

Вядучы вечарыны, заснавальнік праекта prastora.by Алесь Квіткевіч павітаў усіх прысутных і перадаў слова Алесю Калошу — гукарэжысёру, які расказаў, што з 2006 года выйшла шмат аўдыякніг, якія паспрыялі развіццю беларускай літаратуры для дзяцей і дарослых.

Міхась Міцкевіч

Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, сын Якуба Коласа і зяць Янкі Маўра, падзяліўся сваімі ўспамінамі пра пісьменніка:

Валодаў найбагацейшай хатняй бібліятэкай у даваенным Мінску. Ведаў эсперанта, ліставаўся з эсперантыстамі з усяго свету, займаўся спірытызмам. Меў выдатнае пачуццё гумару і любіў па-добраму пакепліваць з сяброў і калег. І ўвогуле — Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў) быў наздвычай цікаўным чалавекам, і менавіта ягоная цікаўнасць дапамагала яму пісаць творы пра экзатычныя краіны, дзе ён ніколі ў жыцці не быў.

Выступае Барыс Пятровіч

Сёлета 130-годдзе Янкі Маўра адзначылі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, правёўшы ў ягоны гонар літаратурны конкурс “Экслібрыс” па літаратуры для дзяцей, у якім узялі ўдзел больш за сто маладых творцаў, распавёў празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч.

— Для не аднаго пакалення творы Янкі Маўра, арыгінальнага і мудрага пісьменніка, сталі “дзвярыма” ў беларускую мову, — дадаў спадар Барыс.

Міхась Міцкевіч (у цэнтры) з сынам (злева) і Алесь Калоша

Серж Мінскевіч

З Барысам Пятровічам пагадзіўся навуковец, паэт, бард і перакладчык Серж Мінскевіч, які расказаў, што з кніг Янкі Маўра пачалося яго захапленне беларускай мовай і літаратурай. Серж нагадаў прысутным, што 24 снежня — дзень нараджэння Адама Міцкевіча, якому сёлета 215 гадоў, і выканаў некалькі песень для дзяцей, а таксама “Беларускую ваярскую” з нагоды выхаду ваярскага календара.

У першым шэрагу злева направа: Яраш Малішэўскі, Аксана Спрынчан, Андрэй Паддубскі (крайні справа)

Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі і вершы прачыталі, і песні праспявалі, і віктарыну правялі. Маленькім гледачам вельмі спадабалася “Песня пра чмяля”. Асобнай увагі варты быў выступ Яраша, які выканаў на старадаўнім беларускім інструменце — леры (колавай ліры) — ваярскую баладу.

Злева направа: Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Міхась Башура, Алесь Квіткевіч

Алесь Квіткевіч і Міхась Башура (апошні з’яўляецца галоўным рэдактарам выдавецкага праекта “Паперус”) расказалі пра планы адкрыць культурніцкую пляцоўку, якая мусіць стацца цэнтрам беларускай культуры, і запрасілі выступіць Андрэя Паддубскага, дырэктара транспартнай кампаніі “Фабіас”, пры падтрымцы якога выйшаў ваярскі каляндар і запачаткаваныя іншыя праекты “Беларускай прасторы”.

Завяршыўся вечар выступамі рыцараў з Клуба гістарычнай рэканструкцыі “Гевойт” пад акампанемент дуды Змітра Сасноўскага і эфектным выхадам Змітра Вайцюшкевіча.  

Тэкст: Віка Трэнас

Фота: Алена Казлова

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"