Адкрыўся новы сайт пра Льва Талстога

Леў Талстой

На сайце, які задумваўся як афіцыйны партал пісьменніка, сабраная вывераная спецыялістамі інфармацыя аб жыцці і творчасці пісьменніка, змешчана шмат рэдкіх медыйных матэрыялаў: фатаграфіі, ілюстрацыі да твораў, аўдыё- і відэазапісы з музейных фондаў. Таксама на tolstoy.ru прадстаўленая інтэрактыўная геаграфічная карта, на якой пазначаныя месцы, звязаныя з імем пісьменніка і месцамі дзеяння яго твораў. 

На партале ўпершыню будзе прадстаўлены ўвесь 90-томны збор твораў Талстога ў электронным выглядзе. Кнігі можна будзе бясплатна спампаваць у фарматах PDF, fb2 і ePub. 

Праца па выкладцы электроннай версіі 90-томніка вядзецца ў рамках краўдсорсінгавага праекту “Увесь Талстой за адзін клік”. Праект быў запушчаны кампаніяй ABBYY сумесна з Дзяржаўным музеем Л. Талстога і музеем-сядзібай “Ясная Паляна” ў чэрвені. Вычытвалі талстоўскія творы валанцёры. Любы ахвотны мог спампаваць з сайта readingtolstoy.ru 20 старонак тэксту і спецыяльную версію ABBYY FineReader, якая дапамагае распазнаваць тэксты. 

Працу планавалася праводзіць у тры этапы: вычытка тэксту валанцёрамі, паўторная праверка валанцёрамі-аўдытарамі, вычытка валанцёрамі-карэктарамі і канвертацыя ў фарматы электронных кніг. Першы этап, паводле словаў арганізатараў, завяршыўся рэкордна хутка. За 14 дзён былі вычытаныя ўсе 90 тамоў. У праекце ўзялі ўдзел 3123 удзельнікі з 49 краін. У канцы жніўня завяршыўся другі этап, цяпер ідзе праца над апошнім. Калі менавіта на сайце з'явяцца ўсе 90 тамоў, пакуль невядома. 

Збор твораў Льва Талстога ў 90 тамах выходзіў з 1928 па 1958 г. у Дзяржлітвыдаце. У яго ўваходзяць усе мастацкія творы пісьменніка, а таксама дзённікі, лісты, публіцыстыка, філасофска-рэлігійныя творы і чарнавікі.

ПрайдзіСвет