Адкрыўся парк па матывах "Маленькага прынца"

У Францыі адкрылі тэматычны парк забаваў па матывах кнігі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц”. Наведвальнікі парку, размешчанага на ўсходзе краіны ля мяжы з Германіяй, атрымалі магчымасць занурыцца ў атмасферу аднаго з самых знакамітых твораў у свеце.

Галоўным упрыгожаннем парку сталі жывыя лісы. З імі і іншымі звярамі, згаданымі ў кнізе, можна пагуляць і пакарміць.

У парку ёсць два паветраныя шара-аэрастаты, замацаваныя над зямлёй на вышыні 150 метраў. Яны сімвалізуюць планеты, якія, згодна з сюжэтам кнігі Сэнт-Экзюперы, наведваў Маленькі прынц. З шароў госці могуць аглядаць наваколлі парка.

Прадугледжаны і прагляд кіно ў 3D, інтэрактыўныя дыялогі са створанымі на кампутарах персанажамі твораў Сэнт-Экзюперы.

Паколькі аўтар кнігі быў не толькі вядомым пісьменнікам, але і прафесійным лётчыкам, у парку дзейнічаюць атракцыёны авіяцыйнай тэматыкі. Напрыклад, наведвальнікі могуць палётаць на біплане.

“Маленькі прынц — гэта больш чым брэнд. Гэта зборнік маральных каштоўнасцяў”, —адзначыў адзін з аўтараў ідэі парку Жэром Джыякамоні. Да мэтавай аўдыторыі Джыякамоні залічыў дзяцей ад 2 да 12 гадоў і “дарослых, якія яшчэ памятаюць, што калісьці яны былі дзецьмі”. Стваральнікі парку спадзяюцца, што яго будуць наведваць каля 150 тысяч чалавек у год.

“Маленькі прынц” стаў самым вядомым творам Сэнт-Экзюперы, а таксама нерэлігійнай кнігай, якую пераклалі на найбольшую колькасць моваў — 275, у тым ліку на беларускую. Агульны тыраж налічвае 150 мільёнаў асобнікаў.

prajdzisvet.org