Адкрыццё фестывалю "Шэнгенка" адбылося ў Мінску

Учора ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё “Шэнгенкі” — фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры. Першай імпрэзай стала “Мультыкультурная віза”, прысвечаная феномену сучаснай сярэднееўрапейскай літаратуры і яе перакладчыкам. 

 

Праца перакладчыка зазвычай застаецца “за кадрам”, а яго імя — у ценю імені аўтара. Гэтая вечарына, як і наступныя імпрэзы “Шэнгенкі”, маюць на мэце паказаць сур’ёзнасць і складанасць перакладчыцкай дзейнасці нароўні з уласна пісьменніцтвам.

 

Павел Баркоўскі і Алена Макоўская

Алена Макоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у прывітальным слове да наведнікаў адзначыла:

"Перакладчыкі падчас літаратурных мерапрыемстваў заўжды заставаліся людзьмі другога плану. Наш фестываль закліканы выправіць гэтую сітуацыю. Падчас мерапрыемстваў фестывалю мы будзем знаёміцца не толькі з творамі зорак літаратуры і філасофскай думкі Сярэдняй Еўропы, але і з людзьмі, якія зрабілі для нас гэтыя творы дасяжнымі. Прыемна канстатаваць, што ў Беларусі стварыўся грамадскі інстытут перакладу замежнай літаратуры. Дзякуючы намаганням ПЭН-цэнтра, Лабараторыі навуковага і мастацкага перакладу, Саюза беларускіх пісьменнікаў і часопіса «ПрайдзіСвет», да мастацкага і навуковага перакладу далучаецца ўсё больш маладых, апантаных і таленавітых людзей. І гэта ёсць агульным грамадскім здабыткам, з чым я нас усіх і віншую”.

Вядучы вечарыны, паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч распавёў, што на імпрэзе прадстаўленыя тры культуры — венгерская, польская і славацкая, і пяць аўтараў, кожны з якіх стаўся класікам як нацыянальнай, так і еўрапейскай літаратуры.  

 

У гутарцы з вядучым Марына Казлоўская, перакладчыца зборніка вершаў “Без” польскага паэта Тадэвуша Ружэвіча, заўважыла:

— Ружэвіч незаменны і ўнікальны тым, што паспрыяў канструяванню новай паэзіі на тле рэзруху пасля Другой сусветнай вайны. Важна было знайсці адказ на пытанне, як аднавіць еўрапейскі дом, неабходна было адшукаць іншыя моўныя сродкі. Яго на першы погляд мінімалістычная паэзія насамрэч патрабуе глыбокай унутранай працы. Тадэвуш прайшоў складаны шлях ад адмаўлення Бога (як Ён мог дапусціць катастрофы XX стагоддзя?!) да яго прыняцця.   

 

Андрэй Хадановіч і Марына Казлоўская

У межах імпрэзы былі прэзентаваныя пераклады кніг славацкіх аўтараў — раман Рудольфа Слобады “Розум”, а таксама “Культура як стасункі” празаіка, публіцыста і эсэіста Дамініка Татаркі.

 

Святлана Богуш і Петэр Мілчак

Замежны госць — славацкі паэт і выдавец Петэр Мілчак прадставіў прысутным сваё бачанне славацкай літаратуры:

— Славацкая літаратура не маналітная, а фрагментарная, некалі яна была нават лацінамоўнай. Яшчэ ў XІX стагоддзі нашая мова несла асветніцкую фунцыю, і досыць позна стала сродкам эстэтызацыі і ўзбагачэння нацыянальнай культуры. У 1960-х гадах Рудольф Слобада быў сярод тых, хто дыстанцыяваўся ад сацрэалізму. Тады ж узнікла генерацыя моцных празаікаў-навелістаў. У 1970-х прыйшла эпоха раманаў. Асноўнай тэмай тагачасных твораў было асэнсаванне Першай і Другой сусветных войнаў. Слобада ўварваўся ў літаратуру з раманамі, якія адлюстроўвалі сучаснасць і шакіравалі крытыкаў і чытачоў сваёй адкрытасцю. Ягонае жыццё было вельмі няпростым, таму проза Рудольфа вызначаецца вялікай ступенню аўтабіяграфічнасці.

— Дамінік Татарка — асоба надзвычай супярэчлівая і неадназначная. Яму як грамадскаму дзеячу былі ўласцівыя як дастойныя, так і ганебныя ўчынкі, — падкрэсліў Петэр Мілчак.

 

Марыя Пушкіна  

Марыя Пушкіна расказала пра працу над перакладам падарожнай эсэістыкі польскага аўтара Анджэя Стасюка “На шляху ў Бабадаг”:

— Стылістычна гэта вельмі складаны аўтар. “Даліну Ісы” Чэслава Мілаша было перакладаць прасцей. У Стасюка шмат макаранізмаў, малдаўскіх, румынскіх, ідыш. У працэсе перакладчыцкай працы давялося вывучыць акрамя польскай яшчэ некалькі моў.

 

Цягам усёй вечарыны акцёры Павел Харланчук і Ганна Хітрык агучвалі фрагменты з твораў прэзентаваных кніг.

 

Алесь Карцель

Завяршыўся вечар выступам Алеся Карцеля, які расказаў пра падрабязнасці працы над перакладам кнігі венгра Петэра Надаша “Канец аднаго сямейнага рамана”. Петэр Надаш быў далёка не апошнім аўтарам у спісе намінантаў на Нобелеўскую прэмію.

Наступная імпрэза ў межах фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры “Шэнгенка” — Філасофская сустрэча “Наш вясёлы апакаліпсіс” адбудзецца 15 сакавіка.

20.03 Шэнгенка / Сацыялагічна-паліталагічная сустрэча “Паўстанне Еўропы”

26.03 Шэнгенка / Літаратурная вечарына “Пражская вясна ў Мінску”

29.03 Шэнгенка / Мемуар-вечарынка

 

Прэсавая служба СБП, фота АУ